Маладую бульбу ў Беларусі прадаюць удвая даражэй, чым у Польшчы
- 9.06.2025, 10:49
Параўнанне коштаў на прыкладзе Гомеля.
Гамельчукі ў сацсетках працягваюць выказваць незадаволенасць з нагоды нястачы ў крамах бульбы прымальным коштам, піша «Флагшток».
Абяцанай Мінсельгасхарчам айчыннай маладой бульбы пакуль так і не з'явілася — ведамства анансавала, што яна паступіць у продаж у чэрвені.
Таму пакуль у гомельскіх крамах прапануюць толькі імпартную бульбу новага ўраджаю. У «Еўраопце» азербайджанскую бульбу рэалізуюць коштам 5,25 рублёў за кілаграм, а пасля абвешчанай зніжкі 25% — 3,89 руб.
Тым часам у суседняй Польшчы, дзе падобны клімат і варункі надвор'я, мясцовую раннюю бульбу ўжо на ўсю моц прадаюць. У мінулыя выходныя ў адной з самых папулярных сетак супермаркетаў «Бедронка» маладая бульба з улікам зніжкі на 50% каштавала 2,49 злотых — гэта менш за 2 беларускія рублі, гэта значыць амаль удвая танней, чым у «Еўраопце».
Такім чынам у Польшчы, дзе даходы насельніцтва значна вышэйшыя, чым у Беларусі, а кошты на многія пазіцыі тавараў — ніжэйшыя, цяпер стала больш даступнай нават бульба — прадукт, які лічыцца традыцыйным для беларусаў.