У Каракасе арыштавалі прэзідэнта расейска-венесуэльскай гандлёвай палаты
- 1.06.2025, 19:25
Палкоўніка Рамана Фраленку затрымалі разам з групай казакоў.
Галоўная ўправа вайсковай контрвыведкі Венесуэлы арыштавала кіраўніка расейска-венесуэльскай гандлёвай палаты палкоўніка Рамана Фраленку разам з групай казакоў, паведамляе Infobae. Паводле звестак выдання, гэта адбылося яшчэ 15 траўня. У расейскіх дзяржСМІ затрыманага называюць кіраўніком прадстаўніцтва забайкальскіх казакоў у Венесуэле. У ягоным доме ў Каракасе правялі ператрус.
Сцвярджаецца, што Фраленка патрапіў у поле зроку контрвыведкі пасля таго, як узяў удзел у адкрыцці помніка Невядомаму салдату на 80-годдзе Перамогі ў кампаніі мясцовай узброенай групоўкі La Piedrita. Афіцыйная прычына затрымання - падазрэнне ў махлярстве, аднак улады Венесуэлы не давалі ніякіх дэталяў з гэтай нагоды. Крыніцы паведамляюць, што цягам некалькіх гадоў палкоўнік займаўся ценявым бізнэсам у рэспубліцы і быў датычны да махінацый супраць прадпрымальнікаў, якім абяцаў дапамогу з угодамі ў Расеі.
Пры гэтым суразмоўцы выдання сцвярджаюць, што пра гэта было вядома даўно, але ніякіх дзеянняў супраць Фраленкі не рабілася, пакуль ён не пачаў «выдаваць сябе за дыпламата». На сустрэчах з прадстаўнікамі дзелавых і палітычных колаў ён называў сябе «сябрам каманды прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна» і намагаў, што менавіта праз яго трэба залагоджваць усе пытанні з Крамлём. У выніку дзеянні палкоўніка выклікалі незадаволенасць з боку амбасадара РФ у Венесуэле Сяргея Мелік-Багдасарава, які палічыў, што казацкі лідар узурпуе яго прадстаўнічыя функцыі.
Афіцыйных каментароў ад расейскага боку наконт арышту Фраленкі не паступала.