BE RU EN

Менская адвакатка патлумачыла, калі муж і жонка абавязаныя ўтрымліваць адно аднаго

  • 1.06.2025, 12:48

Нават пасля разводу.

Беларускі Кодэкс аб шлюбе і сям'і абавязаў сужэнцаў узаемна ўтрымліваць адно аднаго. Аднак што рабіць, калі адзін з іх ад гэтага абавязку ўхіляецца, і ў якіх выпадках можна патрабаваць аліменты на свае ўтрыманне праз суд, нават пасля разводу? На гэтыя пытанні адказала адвакатка Менскай гарадской калегіі Інэса Лавягіна, піша telegraf.news.

Паводле ейных словаў, з моманту рэгістрацыі шлюбу ў сужэнцаў узнікаюць узаемныя правы і абавязкі, і адзін з іх – утрыманне адно аднаго. Калі адзін з сужэнцаў ад гэтага ўхіляецца, другі «можа патрабаваць абароны свайго права ў судзе, але толькі ў пэўных выпадках, якія прадугледжаныя заканадаўствам».

Права патрабаваць аліменты на сваё ўтрыманне ад іншага сужэнца (калі той валодае неабходнымі для гэтага сродкамі) мае той, у каго патрэба ў матэрыяльнай дапамозе:

Жонка ў перыяд цяжарнасці.

Сужэнец (усё роўна, муж ці жонка), які даглядае агульнае дзіця да дасягнення ім трох гадоў.

Сужэнец, які даглядае агульнае дзіця-інваліда да дасягнення ім 18 гадоў.

Сужэнец, які даглядае агульнае непрацаздольнае поўнагадовае дзіця.

Непрацаздольны сужэнец (напрыклад, праз інваліднасць або ўзрост).

Права непрацаздольнага сужэнца, які мае патрэбу, на атрыманне аліментаў ад другога сужэнца захоўваецца і пасля скасавання шлюбу ў наступных выпадках:

Калі ён стаў непрацаздольным да скасавання шлюбу ці цягам аднаго года пасля яго скасавання.

Калі сужэнцы былі ў шлюбе доўгі час (не менш за 10 гадоў), то суд мае права спагнаць аліменты на карысць разведзенага сужэнца, калі ён дасягнуў пенсійнага ўзросту не пазней за пяць гадоў з дня скасавання шлюбу.

Былы сужэнец, які мае патрэбу ў матэрыяльнай дапамозе і даглядае агульнае дзіця, таксама захоўвае права на атрыманне ўтрымання ад іншага былога сужэнца (які валодае неабходнымі сродкамі):

Да дасягнення агульным дзіцём трох гадоў.

Да дасягнення агульным дзіцем-інвалідам 18 гадоў.

На час ажыццяўлення догляду агульнага непрацаздольнага поўнагадовага дзіцяці.

Былая жонка, якая мае патрэбу ў матэрыяльнай дапамозе, захоўвае права на атрыманне ўтрымання ад былога мужа (які валодае неабходнымі сродкамі) у перыяд цяжарнасці, калі цяжарнасць наступіла да скасавання шлюбу.

Адвакатка Інэса Лавягіна падкрэсліла, што « сужэнцы нясуць абавязак утрымання адно аднаго, і ў некаторых выпадках у судовым парадку можна патрабаваць аліменты».

Апошнія навіны