BE RU EN

РНБА Украіны пра падрывы мастоў у РФ: Бранска-курскі цукар

  • 1.06.2025, 15:56

Расея пайшла на правакацыю напярэдадні перамоваў?

Абвалы мастоў у Бранскай і Курскай абласцях краіны-агрэсаркі РФ, у выніку якіх загінулі людзі, могуць быць у інтарэсах Крамля. Пра гэта 1 чэрвеня заявіў кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Каваленка ў Telegram.

«Гэтыя падзеі адбываюцца за два дні да перамоваў у Стамбуле датычна спынення агню. Пры гэтым Масква не перадала ніводнага мемарандуму з прапановамі і накіроўвае туды дэлегацыю без паўнамоцтваў. Ствараецца ўражанне, што Крэмль рыхтуе глебу для зрыву перамоваў з іміджавым нападам на Украіну ў міжнародным медыяполі. Зноў з'яўляецца спакуса паказаць нас краінай-тэрарысткай, каб унікнуць дыялогу і прадоўжыць летні наступ, які ўжо пачаўся ў Сумскай вобласці, у Запарожскай вобласці, прадаўжаецца на ўсходзе», – напісаў ён.

Каваленка назваў гэтыя падзеі «бранска-курскім цукрам», перафразаваўшы выраз «разанскі цукар», які выкарыстоўваецца для абазначэння шэрагу тэрактаў у РФ у 1999 годзе. Ён адзначыў, што Расея не першы раз выкарыстоўвае падрывы пад чужым сцягам.

«У 1999-м тэракты ў Разані сталі стартавай пляцоўкай для [нелегітымнага прэзідэнта РФ Уладзіміра] Пуціна. Верагодна, да старой тактыкі вяртаюцца зноўку. На гэты раз не для ўнутранай мабілізацыі, а для міжнароднай маніпуляцыі», – адзначыў кіраўнік ЦПДз.

Ён падкрэсліў, што ва Украіны няма ніякага матыву зрываць будучыя перамовы ў Стамбуле, а наадварот, яна даўно пагадзілася на спыненне агню.

«Рэйкавая вайна ў стылі Другой сусветнай – гэта аргумент для расейскай прапаганды, а не інструмент нашай палітыкі», – падсумаваў Каваленка.

Апошнія навіны