Польская дыяспара ідзе на выбары: Яе голас можа змяніць шмат
- 1.06.2025, 12:01
Ужо прагаласавалі палякі, якія жывуць у ЗША.
Рэкордная колькасць палякаў за мяжой збіраецца прагаласаваць у другім туры прэзідэнцкіх выбараў, паведамляе «Польскае радыё».
У Нямеччыне для галасавання ў другім туры зарэгістраваліся рэкордныя 115 тысячаў палякаў. Гэта на трэць больш, чым два тыдні таму. У гэтай краіне сёння можна прагаласаваць на 54 выбарчых участках.
Рэкордная цікавасць да выбараў фіксуецца і сярод галандскай дыяспары палякаў. У нядзелю для галасавання зарэгістравалася на адзінаццаць тысячаў чалавек больш, чым два тыдні таму.
Гэта азначае, што агулам на выбарчыя ўчасткі прыйдуць амаль 42 тысячы палякаў. Яны будуць галасаваць у 15 выбарчых акругах у Амстэрдаме, Гаазе, Брэдзе, Гронінгене і Брунсюме.
У Гішпаніі больш за 26 тысячаў грамадзянаў Польшчы зарэгістраваліся для ўдзелу ў другім туры выбараў. Усяго можна прагаласаваць на 20 выбарчых участках па ўсёй краіне, уключаючы Канарскія і Балеарскія астравы.
Колькасць палякаў, зарэгістраваных для галасавання ў Вялікай Брытаніі, перавысіла 185 тысячаў чалавек. Гэта абсалютны рэкорд. Паміж раўндамі прыйшлі амаль 50 тысячаў чалавек.
У Злучаным Каралеўстве пражывае блізу 800–850 тысячаў польскіх грамадзянаў.
Адзначым, што ўжо прагаласавалі палякі, якія жывуць у ЗША. Праз розніцу ў часе галасаванне ў Амерыцы заўсёды праводзіцца напярэдадні.
Нагадаем, у Польшчы пачаўся другі тур прэзідэнцкіх выбараў, у якім сышліся кандыдат ад «Грамадзянскай кааліцыі» Рафал Тшаскоўскі і Караль Наўроцкі, які падтрымліваецца «Правам і справядлівасцю».