BE RU EN

The Spectator: Ці сапраўды Сербія пасварылася з Масквой

  • 1.06.2025, 11:28

Ёсць дзве тэорыі змовы.

Абвінавачанні Масквы на адрас Бялграда, што сербскія абаронныя прадпрыемствы прадаўжаюць пастаўляць боепрыпасы Украіне, могуць быць толькі часткай спектакля.

Пра гэта піша эксперт Усходняй Еўропы Марк Галеоці для The Spectator, аналізуючы гісторыю пра таемныя пастаўкі зброі з Сербіі ва Украіну, агучаную Службай знешняй выведкі краіны-агрэсаркі Расеі (СЗВ РФ).

Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч заявіў, што, калі гэта сапраўды так, ён скасуе адпаведныя кантракты, аднак, як адзначае Галеоці, ён не выглядаў такім усхваляваным, як можна было б чакаць. У Маскве цыркулююць дзве тэорыі змовы, якія тлумачаць гэта, піша аглядальнік. Паводле першай з іх, усё гэта спектакль, і расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін, інсцэнаваўшы сварку, дапамагае Вучычу. Крэмль разумее, што Бялграду даводзіцца весці падвойную гульню і што сербская эканоміка не можа сабе дазволіць сабе скараціць экспарт зброі.

Беручы да ўвагі, што Вучыч сапсаваў сабе рэпутацыю ў Брусэлі, здзейсніўшы візіт у Маскву на 9 траўня, гэта павінна аднавіць ягоны аўтарытэт у вачах еўрапейцаў, піша Марк Галеоці.

Другая тэорыя сцвярджае, што гэта адлюстроўвае павольнае зніжэнне ўплыву Мікалая Патрушава, былога сакратара Рады бяспекі РФ. Часты суразмоўца Вучыча, Патрушаў быў галоўным рухавіком стратэгіі Масквы «сербскага траянскага каня», паказвае аглядальнік. Аднак у сувязі з тым, што перспектыва ўступлення Сербіі ў ЕЗ застаецца як ніколі аддаленай, а ва Украіну ідуць сотні тысячаў танкавых і артылерыйскіх сербскіх снарадаў, іншыя цяпер мяркуюць, што цяперашняя палітыка больш выгадная Вучычу, чым Крамлю.

Верагодна, у кожнай з гэтых тэорый ёсць частка праўды, разважае Галеоці. Акрамя ўсяго іншага, ёсць разуменне таго, што Масква моцна абмежавала свае магчымасці ўплыву на Балканах, і выбар стаіць паміж Сербіяй (і Рэспублікай Сербскай у Босніі) ці нічым. Адсюль і выкарыстанне СЗВ РФ для вядзення гэтай кампаніі – агенцтва, усё яшчэ блізкага да Патрушава і якое мае каналы сувязі з Бялградам.

29 траўня расейская выведка заявіла, што, «паводле інфармацыі, якая да іх паступае», абаронныя прадпрыемствы Сербіі пастаўляюць боепрыпасы Украіне, робячы гэта насуперак дэклараванаму ўладамі краіны нейтралітэту. У Маскве запэўніваюць, што ў гэтых пастаўках задзейнічаныя ключавыя прадпрыемствы сербскага абароннага сектару, сярод якіх Yugoimport SDPR, Zenitprom, Krusik, Sofag, Reyer DTI, Sloboda, Prvi Partizan і іншыя.

Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч пацвердзіў у інтэрв'ю газеце, што ягоная краіна экспартуе боепрыпасы.

«Так, мы экспартуем нашыя боепрыпасы. Мы не можам экспартаваць ні ва Украіну, ні ў Расею, але ў нас было шмат кантрактаў з амерыканцамі, гішпанцамі, чэхамі і гэтак далей. Што яны з імі робяць – гэта іх справа», – сказаў ён.

Апошнія навіны