Трымай злодзея
- 1.06.2025, 11:21
Расейцы крадуць у беларусаў гісторыю.
Лукашысцкія чыноўнікі не стамляюцца фантазіяваць на тэму падступнага Захаду, які толькі і робіць, што чакае зручнага моманту, каб скрасці ў нас перамогу 1945 года, піша «Салiдарнасць». Вось і дзяржсакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч нядаўна завёў старую кружэлку:
– Праз 80 гадоў пасля Вялікай Перамогі як ніколі паўстала пытанне аб гістарычнай памяці. Яна стала цэнтральным элементам стратэгіі Захаду ў перафармаванні свядомасці нашага грамадства, асабліва моладзі.
Але гэта ў галаве Вальфовіча, а мы прапануем паглядзець на тое, што адбываецца ў рэальнасці – хто насамрэч на нашых вачах у які ўжо раз прыватызуе тую самую перамогу, прыпісваючы сабе ўсе лаўры.
На днях у Менску ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася мультымедыйная планшэтная выстава «Краіна перамог. Да 80-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне».
І хоць афіцыёз асабліва падкрэслівае, што стваралася яна спецыяльна для беларускай сталіцы, насамрэч гэта праект Дзяржаўнага расейскага музея з Санкт-Пецярбурга. З усімі выніклымі адсюль асаблівасцямі.
«Мы прысвяцілі гэтую выставу не толькі творам, звязаным непасрэдна з Вялікай Айчыннай вайной, блакадай Ленінграда. Мы пастанавілі, што будзе правільна пагаварыць пра вытокі Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, пра сілу духу нашага народа-пераможцы і пра тое, што нашы духоўныя і культурныя каштоўнасці назапашаныя папярэднімі пакаленнямі. І перамогі нашыя – каранямі ў нашай тысячагадовай гісторыі», – заявіла Ала Манілава, дырэктарка Дзяржаўнага расейскага музея
Менавіта так – «нашага народа-пераможцы», «нашы перамогі». А каб ніхто не сумняваўся, госця з Санкт-Пецярбурга дадала, што выстава з'яўляецца «тэмай гераізму, сілы духу і яднання народа Расеі ў найважнейшых і лёсавызначальных гістарычных бітвах»– ад часоў Аляксандра Неўскага і Пятра Вялікага да Вялікай Айчыннай вайны.
І не знайшлося ў прамовах спадарыні Манілавай месца побач з пераможным народам Расеі не толькі для народаў таго самага падступнага Захаду, але і для беларусаў і ўкраінцаў, грузінаў і казахаў, армянаў і ўзбекаў і многіх іншых народаў, якія зрабілі свой унёсак у агульную, а не выключна расейскую перамогу.
Гэта, мабыць, якраз той выпадак, калі варта ўспомніць прыказку пра тых, хто гучней за ўсіх крычыць «Трымай злодзея!»