Рублёвае казіно: Што чакае беларускую нацыянальную валюту
- 1.06.2025, 10:04
Чаму не варта верыць расейскім эканамістам.
На фоне эканамічнай нестабільнасці ў Расеі ўсё гучней чуваць аптымістычныя прагнозы. Даляр вось-вось абрынецца да 60 RUB, стаўка – уніз, а эканоміка – угару. Гучыць занадта добра, каб быць праўдай. «Беларусы і рынак» разбіраліся, каму выгадныя такія прагнозы і як яны адаб'юцца на Беларусі.
Летнія цуды: даляр за 60–70?
Улетку даляр упадзе да 70 RUB. Пра гэта заявіў эканаміст Ігар Балынін, дацэнт Фінансавага ўніверсітэта пры Урадзе РФ. Іншы фінансавы аналітык, Міхаіл Васільеў, спрагназаваў, што даляр упадзе да 60 RUB, калі скасуюць санкцыі.
Факт: пры складанні федэральнага бюджэту РФ на 2025 год Мінфін заклаў сярэднегадавы курс 96,5 рубля за даляр.
Ключавая стаўка – ці будзе зніжэнне?
Аванес Аганісян, дырэктар аналітычнага дэпартамента «Лічба брокер», паведаміў, што ЦБ РФ знізіць ключавую стаўку да 19% ужо ў чэрвені.
Соф'я Данец, эканамістка-аналітык, прагназуе зніжэнне да 15% да канца года, аднак, паводле яе ж словаў, курс даляра пры гэтым вырасце да 95–100 рублёў ужо ў ліпені – жніўні – праз змену гандлёвых плыняў і попыт на валюту.
Факт: на цяперашні момант (1 чэрвеня 2025 года) ключавая стаўка ЦБ РФ – 21%. Пасяджэнне Банка Расеі, на якім гэтае пытанне будзе разглядацца, прызначанае на 6 чэрвеня 2025 года. Інфляцыя ў Расеі паводле апошніх звестак – 10,23% гадавых. (Крыніца: Bloomberg)
Чаму гэтым прагнозам не варта слепа верыць
Многія аналітыкі і эканамісты ў Расеі і за яе межамі паказваюць: чаканні рэзкага ўмацавання рубля не падмацаваныя ні макраэканомікай, ні логікай палітыкі ЦБ.
Кошты нафты Urals ледзь трымаюцца на ўзроўні 69,7 USD за бараль.
З 30 траўня ў Расеі ўведзеныя абмежаванні на пераводы без адкрыцця рахунку: ліміт 100000 рублёў, усё што вышэй – толькі пры ідэнтыфікацыі.
Перспектывы вяртання ў SWIFT змрочныя. Антон Сілуан наўпрост заявіў: «У Расеі няма дыялогу з ЗША пра SWIFT».
Беларусь – закладніца суседскай эканомікі
Гэта паўплывае на эканоміку Беларусі і яе жыхароў. У 2025 годзе блізу 60 адсоткаў знешняга гандлю Беларусі адбываецца з Расеяй. Акрамя таго, пераважная частка беларускага транзіту ў трэція краіны ідзе праз тэрыторыю РФ. Таксама Расея – галоўны крэдытор Беларусі на знешніх фінансавых рынках.
Усё гэта цяпер вызначае крытычную значнасць стану суседскай эканомікі для зменаў у стане беларускай. Ад здароўя расейскай эканомікі цяпер практычна наўпрост залежыць здароўе айчыннай.
Ах мары-мары…
Прарасейскія эксперты транслююць больш надзею, чым аналіз. Зніжэнне курсу даляра да 60–70 – малаверагоднае ва ўмовах санкцыйнага рэжыму, дэфіцыту валюты, спаду экспарту і замарожаных актываў. Хоць у тэорыі памарыць не шкодна.
Стаўка Банка Расеі будзе зніжацца толькі ў тым выпадку, калі інфляцыя пойдзе ўніз, попыт – уверх, а прыток валюты стабілізуецца. Пакуль ніводны з гэтых пунктаў у РФ не выконваецца.
Беларускаму бізнэсу і грамадзянам трэба арыентавацца на рэальнасць, а не на палітычныя ілюзіі. Пакуль эканоміка Расеі застаецца нестабільнай, Беларусі неабходна дыверсіфікаваць гандаль і лагістыку, каб не залежаць ад кожнай заявы расейскіх каментатараў.