«Сацыяльнае», бывай
- 1.06.2025, 16:20
Беларусь мяняе правілы жыллёвай падтрымкі.
Калі нехта цешыў сябе ілюзіяй, што дзяржава і далей будзе шчодра раздаваць ільготы направа і налева, як у 2010-я, то ў нас для вас навіна: з 1 чэрвеня 2025 года колькасць клопатаў рэзка скараціцца. У Беларусі пачынаюць дзеянне новыя ўказы аб дзяржпадтрымцы, якія чыноўнікі называюць «універсалізацыяй», а грамадзяне – «падразаннем», піша «Беларусы і рынак».
З 1 чэрвеня Беларусь уступае ў новую эру – эру «ўдасканалення падыходаў». Менавіта так у афіцыйных зводках называюць тое, што звычайны чалавек распазнае як: «Ага, нешта ўрэзалі». Указы нумар 94 і нумар 95, падпісаныя яшчэ вясной, уводзяць «уніфікаваны» падыход да дзяржпадтрымкі ў жыллёвай сферы.
Гэта значыць усё адразу – і крэдыты, і субсідыі, і дапамогу з пазыкамі – акуратна склалі ў адзін дакумент. Зручна? Магчыма. Шчодра? Ужо не.
Якая дапамога засталася і каму яна належыць:
Указ нумар 95 «Аб дзяржаўнай падтрымцы пры жыллёвым будаўніцтве» пакідае тры асноўныя формы дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве або набыцці жылля:
Ільготныя крэдыты на будаўніцтва індывідуальных дамоў, кватэраў у блакаваных дамах, а таксама на набыццё жылля, пабудаванага на дзяржаўную замову.
➤ Прэтэндаваць на іх можа 21 катэгорыя грамадзянаў.
Аднаразовыя субсідыі – на будаўніцтва або набыццё жылля.
➤ Прадугледжаныя для 17 катэгорый грамадзянаў.
Фінансавая дапамога ў выплаце пазыкі паводле льготнага крэдыту –
➤ Даступная шматдзетным і маладым сем'ям пры нараджэнні дзяцей.
Хто не ўпісаўся – той, як кажуць, хай здымае. Крэдыты засталіся, але з нюансамі. Так, з дакументаў – усё як раней: шматдзетным, маладым, тым, хто жыве ў нястачы, і іншым «сацыяльным» катэгорыям быццам бы па-ранейшаму належыць. Толькі вось у рэальнасці льготныя крэдыты больш нагадваюць міфічны артэфакт: усе пра яго чулі, але мала хто трымаў у руках.
Затое ў чыноўнікаў цяпер зручная метадычка: «Ну мы ж не скасавалі!» Проста неяк… не ўхвалілі. Або чарга расцягнулася да 2036 года. Або дом не паводле дзяржстандарту. Або яшчэ што-небудзь, але па-новаму – «усё паводле ўказу».
І так, новаўвядзенне выдатна ўкладваецца ў новую інфармацыйную хвалю: замест «самая сацыяльная дзяржава» цяпер нам мякка падсоўваюць ідэю «разумнай аптымізацыі». Слова «аптымізацыя» ўвогуле стала ўлюбёным. Асабліва калі гаворка ідзе не пра іх ільготы, а пра нашы.
Што далей? Хутчэй за ўсё, нас чакае поўнае пераключэнне рыторыкі. Замест старых лозунгаў пра падтрымку шматдзетных і даступнае жыллё, будуць расказваць пра «адказнасць за сваю будучыню» і «жыллёвую сталасць». Магчыма, з’явяцца нават новыя формы матывацыі: «Не атрымаў субсыдыю? Значыць, недастаткова стараўся!»
Калі раней яшчэ можна было спадзявацца на «цуд», то цяпер – толькі на свае сілы. Затое ўлады змогуць з чыстым сумленнем сказаць: «Падтрымка засталася. Проста вы не той шчасліўчык».