Стала вядома, як ЗША пры Трампе адным ударам ліквідавалі 300 расейскіх наймітаў
- 31.05.2025, 20:58
Экс-дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа распавёў аб рызыкоўнай аперацыі амерыканскіх сіл.
У першую прэзідэнцкую кадэнцыю Дональда Трампа ЗША правялі ў Сірыі небяспечную вайсковую аперацыю, падчас якой адным ударам ліквідавалі тры сотні расейскіх наймітаў.
Пра гэта распавёў былы кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ЗША Майк Пампея падчас выступу на Black Sea Security Forum, паведамляе dialog.ua са спасылкай на ўкраінскага народнага дэпутата Аляксея Ганчарэнку.
Са слоў экс-дзяржсакратара, расейцы спрабавалі пад покрывам ночы перайсці стратэгічную раку, калі амерыканскае войска нанесла па іх удар.
Былы чыноўнік адзначыў, што гэта была небяспечная, але прынцыповая аперацыя, якая засведчыла гатоўнасць Вашынгтона дзейнічаць рашуча, калі гаворка ідзе пра пагрозу нацыянальным інтарэсам.
- Гэта было вельмі рызыкоўна. І гэта адбылося пры першай адміністрацыі Трампа, - сказаў выступоўца.
Пампеа выказаў сумневы, што любы іншы прэзідэнт на месцы Трамп наважыўся б на правядзенне такой складанай аперацыі.
Дыпламат акцэнтаваў увагу на тым, што менавіта праява сілы з'яўляецца тым фактарам, які здольны спыніць Расею, і заклікаў дзейнічаць у адпаведным ключы ў кантэксце падтрымкі Украіны з боку заходніх хаўруснікаў.