BE RU EN

The Telegraph: "Кааліцыя рашучых" праз Трампа рыхтуе новую стратэгію па Украіне

  • 31.05.2025, 20:22

Наступны тыдзень стане ключавым у дыпламатычным плане.

Вялікая Брытанія і Францыя рыхтуюцца да новага фармату падтрымкі Украіны. На фоне асцярог адносна магчымага выхаду Дональда Трампа з перагаворнага працэсу, еўрапейскія хаўруснікі засяроджваюцца на доўгатэрміновай абароне Кіева без удзелу ЗША.

Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на The Telegraph.

- Давайце будзем рэалістамі і прызнаем, што ЗША ніколі не будуць на борце, - заявіў адзін з заходніх службоўцаў, апісваючы сустрэчу ў Гаазе.

Як піша The Telegraph са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з ходам перамоў у Гаазе, еўрапейскія краіны, якія яшчэ нядаўна рыхтаваліся да магчымага мірнага пагаднення з Расеяй пад эгідай Вашынгтона, зараз мяняюць акцэнт - на доўгатэрміновую абарону Украіны без амерыканскай падтрымкі.

Сустрэча "палітычных дырэктараў" з міністэрстваў замежных спраў у Нідэрландах стала сігналам, што "кааліцыя рашучых" на чале з сэрам Кірам Стармерам і Эмануэлем Макронам пераарыентуецца.

Больш за 30 краін падтрымалі яе канцэпцыю, але публічна аб гатоўнасці размясціць войскі заявілі адзінкі.

- Гаворка ішла ў асноўным аб тым, як падтрымліваць неабходную падтрымку Украіны, улічваючы, што ЗША будуць працягваць падаваць толькі некаторыя канкрэтныя рэсурсы, такія як разведвальныя звесткі, - растлумачыў адзін з дыпламатаў.

Цяперашняя адміністрацыя ЗША працягвае пастаўкі ўзбраенняў, закантрактаваных яшчэ пры Байдэне, але новых пагадненняў не падпісвае.

Вашынгтон дазволіў продаж Украіне запчастак да F-16 і дазволіў еўрапейцам пастаўляць зброю амерыканскай вытворчасці.

Зрэшты, уступленне Украіны ў NATO для Трамп - табу. Пра гэта наўпрост заявіў ягоны прадстаўнік генерал Кіт Келаг, дадаўшы, што нават сярод хаўруснікаў па Альянсе ёсць апаненты гэтага кроку.

Еўрапейскія краіны таксама плануюць запрасіць прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага на саміт NATO ў Гаазе ў наступным месяцы, хаця раней яго ўдзел быў пад пытаннем менавіта праз пазіцыю Трампа.

На фоне зніжэння надзей на пасярэдніцтва ЗША, Кіеў настойвае на дакладных умовах ад Масквы перад пачаткам наступнага раўнда перамоў у Стамбуле. Між іншым, Украіна патрабуе атрымаць афіцыйны мірны мемарандум ад Крамля.

Што далей

Наступны тыдзень стане ключавым у дыпламатычным плане. У панядзелак у Стамбуле павінен прайсці новы раўнд перамоў паміж Украінай і РФ. Удзел у ім возьмуць дарадцы ў нацыянальнай бяспецы Вялікай Брытаніі, Нямеччыны і Францыі.

Паралельна Вялікая Брытанія і Нямеччына правядуць сустрэчу Кантактнай групы ў пытаннях абароны Украіны - 50 краін будуць каардынаваць далейшую вайсковую падтрымку Кіева.

Апошнія навіны