Украінскія самалёты F-16 і Mirage падключаць да «вайсковага Wi-Fi» NATO
- 31.05.2025, 14:21
Што гэта значыць?
Украіна падключаецца да авіяцыйнай сістэмы NATO. Самалёты УСУ будуць каардынавацца з хаўруснікамі праз лічбавы інтэрфейс.
Пра гэта распавяла намесніца міністра абароны ў пытаннях цыфравізацыі Кацярына Чарнагорэнка, паведамляе РБК-Украіна.
Украіна падпісала ліцэнзійную дамову на выкарыстанне праграмнага забеспячэння NATO – Сістэмнага інтэрфэйсу Цэнтра кіравання і абвесткі (CRC System Interface, CSI).
Гэты крок дазволіць украінскім Паветраным сілам працаваць у адзінай лічбавай сістэме з авіяцыяй краін Альянсу.
CSI - гэта частка баявой сістэмы кіравання, якая працуе праз пратакол Link-16, вядомы як «вайсковы Wi-Fi» NATO.
Менавіта праз яго ажыццяўляецца абмен інфармацыяй паміж самалётамі (прынамсі, F-16 і Mirage 2000), сістэмамі СПА і ПРА (Patriot) і іншымі кампанентамі абароны.
Пагадненне рэалізавалі дзякуючы супольным намаганням Міністэрства абароны, Генштаба, Паветраных сіл і міжнародных партнёраў.
Праграму выкарыстоўваюць амаль усе сябры Альянсу, таму яе інтэграцыя - ключ да поўнай узаемасумяшчальнасці ўкраінскіх сіл з партнёрамі.
«Не проста марым аб супольных аперацыях з хаўруснікамі, а робім гэта рэальнасцю», - напісала Чарнагоранка.