Святар РПЦ: Войска мусульманаў у адзін цудоўны дзень «выража масквічоў» на загад мулы
- 30.05.2025, 21:20
Паводле словаў схіігумена Гаўрыіла, МУС РФ «не паспее нават пікнуць».
Святар Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ) схіігумен Гаўрыіл (у свеце Яфрэм Вінаградаў-Лакербая) звярнуў увагу на вялікую колькасць мусульманаў ля Маскоўскай саборнай мячэці ў дні святкавання Курбан-байраму. Ён назваў іх «войскам», якое можа «выразаць масквічоў», калі ім загадае мула.
З такімі развагамі схіігумен Гаўрыіл, які ўзначальвае Каўказскае падвор'е Валаамскага манастыра, выступіў у нядзельнай пропаведзі. Відэа апублікаванае ў ягоным тэлеграм-канале пад загалоўкам «А мы таксама сляпыя?»
Словы пра мусульманаў прагучалі ў апошняй трэці 20-хвіліннай пропаведзі. Святар назваў веру «асновай чалавечага быцця» і «цэментам, які змацоўвае народ», пасля чаго прывёў у прыклад мусульманаў, якія «моцныя», таму што «аб'яднаныя верай».
Далей ён заявіў, што ў дні ісламскага свята Курбан-байрам недалёка ад галоўнай мячэці на праспекце Міру «няма руху па гэтай 12-палоснай магістралі», таму што «людзьмі пакрытая ўся прастора».
«І гэтыя людзі – мужчыны, здаровыя, не піткія мужчыны, якія ўсе займаюцца барацьбой, ходзяць у спартзалы на трэніроўкі. Гэта войска цэлае. І калі ім загадае мула ў адзін цудоўны дзень выразаць масквічоў, паверце мне, яны гэта хутка зробяць. Бо МУС не паспее нават пікнуць і справіцца. І вынік будзе вельмі сумны», – сказаў схіігумен.
Ён паўтарыў, што мусульмане «моцныя», таму што «змацаваныя верай». «Няхай яна нават няправільная, але гэта вера», – прадоўжыў служыцель РПЦ.
Потым схіігумен Гаўрыіл перайшоў на развагі пра камуністаў, у якіх была «лжывая вера» ў тое, што на Зямлі можна стварыць ідэальнае і маральнае камуністычнае грамадства.
«Але гэта ілюзія, таму што зло ў гэтым свеце сядзіць у душы чалавека, і не выправіць чалавека, які злодзей і імкнецца да ўлады – па трупах пойдзе, і ўсё роўна, які лад будзе», – заявіў святар, але адзначыў, што камуністы са сваёй верай «маглі здзяйсняць цуды».
«Вось дзіўна – нават ілжывая вера дапамагае аб'яднаць людзей, і яны сапраўды могуць быць непадкупныя, не хабарнікі, дзеля вось гэтай сваёй ідэі будуць ісці на смерць. Такія былі сапраўдныя камуністы», – разважыў ён.
Напрыканцы пропаведзі святар папярэдзіў, што калі не аб'яднацца вакол Хрыста, усе вернікі «верныя» «будуць забітыя», як напісана ў Апакаліпсісе.