BE RU EN

Макрон заклікаў Кітай спыніць умяшанне Паўночнай Карэі ў вайну з Украінай

  • 30.05.2025, 20:40

Прэзідэнт Францыі прыгразіў Пекіну ўмяшаннем NATO.

Кітай павінен паўплываць на Паўночную Карэю, каб тая перастала дапамагаць Расеі ў вайне супраць Украіны, калі не хоча, каб NATO ўмешвалася ў справы Паўднёва-Усходняй Азіі, заявіў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон на канферэнцыі пра бяспеку «Дыялог Шангры-Ла» ў Сінгапуры, паведамляе France 24. Ён адзначыў, што цягам апошніх гадоў выступаў у Азіі. «Але тое, што адбываецца з Паўночнай Карэяй, якая дзейнічае разам з Расеяй на еўрапейскай зямлі, – гэта вялікае пытанне для ўсіх нас», – адзначыў ён і заклікаў Кітай прымусіць КНДР вярнуць войскі дадому. Макрон папярэдзіў, што калі гэтага не адбудзецца, NATO давядзецца разгледзець магчымасць пашырэння сваёй дзейнасці ў азіяцкім рэгіёне.

Паўночная Карэя падтрымала Расею ў вайне супраць Украіны ў рамках дамовы аб стратэгічным партнёрстве паміж дзвюма краінамі. Сярод іншага Пхеньян накіраваў блізу 15 тысячаў сваіх салдатаў у Курскую вобласць, частку якой утрымлівалі УСУ. За кошт гэтага падмацавання рэгіён удалося адбіць. Акрамя таго, цяпер КНДР забяспечвае да паловы артылерыйскіх боепрыпасаў, неабходных расейскаму войску для прадаўжэння ваенных дзеянняў. У асобных частках залежнасць ад паўночнакарэйскіх паставак дасягае 100 адсоткаў.

Паводле падліку даследчага цэнтра Open Source Centre (OSC), у агульнай колькасці Пхеньян мог перадаць Маскве да 6 млн снарадаў. Гэта стала значным дадаткам да ўласнай расейскай вытворчасці, якую заходнія чыноўнікі ацэньваюць на 2–2,3 млн адзінак у 2024 годзе. Паводле звестак украінскай выведкі, таксама Паўночная Карэя адправіла хаўрусніку 120 самаходных артылерыйскіх установак вялікай далёкасці, 120 рэактыўных сістэмаў залпавага агню і 148 балістычных ракетаў КН-23 і КН-24. «Без падтрымкі Кім Чэн Ына прэзідэнт Уладзімір Пуцін насамрэч не змог бы прадаўжаць сваю вайну ва Украіне», – адзначаў Х'ю Грыфітс, каардынатар групы экспертаў ААН, якая сачыла за выкананнем санкцый супраць КНДР.

Узамен Расея перадае Паўночнай Карэі паліва, ракетныя тэхналогіі, сістэмы супрацьпаветранай абароны і ўзоры заходняй зброі – напрыклад, аўстрыйскія вінтоўкі Steyr Mannlicher SSG 08. Таксама Кім атрымлівае асаблівыя падарункі: беласнежных коней, экзатычных жывёлаў, аўтамабілі Aurus, чайны сервіз і адміральскі корцік. У красавіку Пуцін публічна выказаў яму ўдзячнасць за дапамогу, адзначыўшы, што ў Расеі «не забудуцца подзвігу карэйскіх байцоў» і будуць шанаваць іх як «герояў».

Апошнія навіны