BE RU EN

Reuters: Саудаўская Аравія заклікала Іран падпісаць пагадненне з ЗША

  • 30.05.2025, 20:29

Каб унікнуць вайны.

У красавіку прынц Саудаўскай Аравіі заклікаў іранскіх чыноўнікаў сур'ёзна паставіцца да прапановы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа наконт ядзернага пагаднення, паколькі яно дае спосаб унікнуць вайны з Ізраілем. Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на чатырох неназваных суразмоўцаў, дасведчаных у гэтым пытанні.

Дзве крыніцы з краінаў Персідскага заліва, блізкія да ўрадавых колаў, і два іранскія чыноўнікі расказалі, што занепакоены перспектывай далейшай нестабільнасці ў рэгіёне, 89-гадовы кароль Саудаўскай Аравіі Салман бін Абдулазіз адправіў свайго сына, прынца Халіда бін Салмана, з папярэджаннем да вярхоўнага лідара Ірана Алі Хаменеі.

На закрытай сустрэчы ў Тэгеране, якая адбылася 17 красавіка ў прэзідэнцкім комплексе, прысутнічалі прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіян, кіраўнік Генеральнага штабу Узброеных сілаў краіны Махамед Багеры і міністр замежных справаў Абас Аракчы.

Хоць медыя асвятлялі візіт 37-гадовага прынца, змест тайнага паслання раней не раскрываўся. У ходзе сустрэчы ён папярэдзіў іранскіх чыноўнікаў, што амерыканскі прэзідэнт не церпіць зацяжных перамоваў.

У Тэгеране прынц Халід заявіў групе высокапастаўленых чыноўнікаў Ірана, што каманда Трампа будзе імкнуцца хутка дасягнуць пагаднення, і вакно для дыпламатыі хутка зачыніцца.

Ён дадаў, што лепш дамагчыся пагаднення з ЗША, чым сутыкнуцца з магчымасцю атакі з боку Ізраіля, калі перамовы сарвуцца. Прынц сцвярджаў, што рэгіён, які ўжо раздзіраюць канфлікты ў Газе і Ліване, не зможа вытрымаць далейшай эскалацыі напружанасці.

Улады Ірана не адказалі на запыт пра каментар да публікацыі артыкула, але пасля спікер Міністэрства замежных справаў Эсмаіл Багаі «катэгарычна аспрэчыў» матэрыял Reuters, паведамляе паўафіцыйнае іранскае інфармацыйнае агенцтва Fars.

Улады Саудаўскай Аравіі не адказалі на запыт пра каментар.

Апошнія навіны