Казахстан адмовіўся ўступаць у БРІКС
- 30.05.2025, 18:56
Прэзідэнт Такаеў заявіў, што ў БРІКС «няма ні статута, ні сакратарыяту, ні праграмаў».
Казахстан не плануе далучацца да БРІКС, заявіў у інтэрв'ю Al Jazeera прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў. Паводле ягоных словаў, ён кіруецца «прагматычнымі» меркаваннямі і ўважае за дастатковы статус партнёра арганізацыі. Такаеў адзначыў, што пытанне заключаецца ў карыснасці паўнацэннага ўдзелу, і звярнуў увагу, што ў БРІКС «няма ні статута, ні сакратарыяту, ні праграмаў». «Давайце паглядзім, наколькі эфэктыўным будзе БРІКС як міжнародная арганізацыя. Пакуль Казахстан застанецца назіральнікам, а далей час пакажа», – сказаў на заканчэнне ён.
У кастрычніку 2024 года дарадца прэзідэнта Берык Уалі казаў, што Казахстану паступалі прапановы пра ўступленне ў БРІКС, аднак Такаеў пастанавіў устрымацца ад такога кроку, у тым ліку праз «аспекты, датычныя перспектываў развіцця аб'яднання». Уалі тады падкрэсліў, што мэтазгоднасць далучэння да БРІКС разглядалася «з гледзішча нацыянальных інтарэсаў Казахстана», і прэзідэнт аддаў перавагу ААН «як універсальнай і безальтэрнатыўнай арганізацыі, у якой можна і трэба абмяркоўваць усе актуальныя міжнародныя праблемы».
Казахстан стаў партнёрам БРІКС з 1 студзеня 2025 года. Сама арганізацыя з'явілася ў 2006 годзе, цяпер у яе ўваходзяць Расея, Бразілія, Індыя, Кітай, Паўднёваафрыканская Рэспубліка, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Іран, Егіпет, Эфіёпія і Інданезія. З лютага БРІКС паставіў на паўзу прыём новых сяброў, патлумачыўшы гэта «інстытуцыянальнымі праблемамі», якія ўзніклі ў сувязі з павелічэннем колькасці ўдзельнікаў.
Заява аб спыненні пашырэння БРІКС прагучала на фоне пагрозаў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа абкласці краіны аб'яднання стаадсоткавымі мытамі за спробы стварыць новую валюту і адысці ад даляра. Пасля гэтага Расея, якая актыўна прасоўвала гэтую ідэю з пачатку ўварвання ва Украіну, адхрысцілася ад праекту. А ўжо 13 лютага амерыканскі лідар абвясціў, што «БРІКС мёртвы».