З чэрвеня да Балтыйскага мора з Менска можна будзе даехаць на цягніку за 10 гадзінаў
- 30.05.2025, 18:41
Праўда, з адной умовай.
Расейская чыгунка з 2 чэрвеня аднаўляе курсіраванне цягніка Калінінград – Чэлябінск. Ён будзе ездзіць праз Беларусь, дабрацца да Балтыйскага мора з Менска можна будзе за 10 гадзінаў. Пра гэта паведамляе сайт РЧ.
Цягнік з Чэлябінска будзе адпраўляцца ў чацвер у 19.35 і прыбываць на Паўднёвы вакзал Калінінграда ў нядзелю ў 13.25. У Беларусі ён будзе спыняцца ў Оршы, Барысаве, Менску, Маладзечне і Смаргоні.
Продаж квіткоў на цягнікі далёкага накіравання калінінградскага кірунку адкрыты за 90 дзён да даты адпраўлення.
Квіток у плацкартны вагон каштуе ад 335 рублёў, купэ – ад 619 рублёў.
Праўда, ёсць адно але: каб патрапіць у Калінінград, беларусам неабходная дзейная шэнгенская віза, бо цягнік ідзе па тэрыторыі Літвы.