ЗША анулююць студэнцкія візы для чальцоў Кампартыі Кітая.
- 29.05.2025, 20:51
У папярэднім навучальным годзе ва ўніверсітэтах ЗША навучалася амаль 280 тысячаў кітайцаў.
Злучаныя Штаты пачалі працэс анулявання візаў для кітайскіх студэнтаў, якія з'яўляюцца чальцамі Камуністычнай партыі Кітая. Сярод іншага, гэта датычыцца студэнтаў, якія навучаюцца ў сферах, што маюць дачыненне да нацыянальнай бяспекі. У папярэднім навучальным годзе ва ўсіх універсітэтах ЗША вучылася амаль 280 тысячаў кітайцаў.
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа абвясціў пра «агрэсіўны» спосаб праверкі кітайскіх студэнцкіх візаў, што можа азначаць, што Вашынгтон хоча правесці ўсю аперацыю хутка. Гэта самая гарачая тэма ў кітайскіх сацыяльных сетках.
Да гэтага часу навучанне за мяжой, асабліва ў ЗША, уважалася ў Кітаі за магчымасць дамагчыся лепшага жыцця і працы. Гэтая пастанова таксама паўплывае на фінансы многіх амерыканскіх універсітэтаў, якія часта залежаць ад плыні студэнтаў з Кітая.
У Гарвардзе кітайцы складаюць да трэці ўсіх замежных студэнтаў. Амерыканскія ўлады мяркуюць, што людзі, звязаныя з камуністычнай партыяй, якая ў Кітаі налічвае амаль 100 мільёнаў чальцоў, уяўляюць пагрозу бяспецы ЗША.