BE RU EN

Выведкі заходніх краінаў расказалі пра падарунак Пуціна Кім Чым Ыну за дапамогу ў вайне

  • 29.05.2025, 19:53

Дыктатар КНДР абмяняў сваіх салдатаў на «Панцыр».

Расея перадала Паўночнай Карэі як мінімум адну машыну сістэмы СПА класу «Панцыр» у рамках кампенсацыі за падтрымку ў вайне супраць Украіны, гаворыцца ў першым дакладзе Міжнароднай групы маніторынгу санкцый (MSMT), створанай 11 дзяржавамі, уключаючы ЗША і Паўднёвую Карэю. Група выкарыстоўвае звесткі выведных службаў, а даклад у асноўным прысвечаны супрацоўніцтву Расеі з Паўночнай Карэяй.

Паводле звестак MSMT, перадача сістэмы «Панцыр», прызначанай для паразы самалётаў, гелікаптэраў, крылатых ракетаў і беспілотнікаў, значна ўзмацняе сістэму СПА Паўночнай Карэі ў параўнанні з наяўнай у КНДР неэфектыўнай і састарэлай тэхнікай. Адзін з паўднёвакарэйскіх заканадаўцаў згадаў, што зброя на новым эсмінцы «Чхё Хён» мае відавочнае падабенства з расейскім комплексам «Панцыр», адзначае агенцтва Yonhap.

У дакладзе таксама ўказваецца, што Расея перадала КНДР сучасныя сродкі радыёэлектроннай барацьбы і абсталяванне для ўстаноўкі перашкодаў, а таксама спрыяе развіццю балістычнай праграмы. Сярод іншага, Масква падае Пхеньяну зваротную сувязь паводле вынікаў выпрабаванняў ракетаў, што дазволіла палепшыць дакладнасць іх навядзення. Гэта з'яўляецца відавочным парушэннем рэзалюцый Рады Бяспекі ААН у дачыненні да Пхеньяна, за якія прагаласавала сама Расея як сталы чалец РБ ААН.

На думку аналітычнай службы Кангрэсу ЗША (CRS), тэхнічная падтрымка з боку Расеі значна павялічыла і ядзерны патэнцыял КНДР. CRS апублікаваў даклад, у якім сцвярджаецца, што Пхеньян назапасіў дастатковую колькасць матэрыялаў для вытворчасці да 90 ядзерных боегаловак, з якіх блізу 50, магчыма, ужо сабраныя.

Расейская дапамога, на думку аналітыкаў, з'яўляецца часткай кампенсацыі за адпраўку КНДР 14 тысячаў вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў адбіцці ўкраінскага наступу ў Курскай вобласці, а таксама за пастаўкі боепрыпасаў. З верасня 2023 года Паўночная Карэя паставіла Расеі больш за 20000 кантэйнераў з ваеннымі грузамі. Яны ўключалі блізу 9 мільёнаў артылерыйскіх боепрыпасаў, больш за 100 балістычных ракетаў і больш за 200 адзінак цяжкай артылерыі. Гэтых паставак дастаткова для аснашчэння трох поўных брыгадаў. Паводле ацэнкі паўднёвакарэйскага аналітычнага цэнтра KIDA, Паўночная Карэя зарабіла больш за $20 млрд.

Апошнія навіны