BE RU EN

У Парку высокіх тэхналогій новы кіраўнік

  • 29.05.2025, 18:18

ПВТ узначаліла Ганна Рабава.

Новым кіраўніком Парку высокіх тэхналогій прызначаная Ганна Рабава. Да гэтага яна займала пасаду намесніцы міністра сувязі і інфарматызацыі. Пра гэта KV.by паведамілі ў прэс-службе ПВТ.

Рабава працавала на пасадзе намесніцы міністра з 2016 года.

Намеснікамі кіраўніка ПВТ па-ранейшаму застаюцца Іван Жызнеўскі і Аляксандр Марцінкевіч.

Нагадаем, у жніўні 2023 года кіраўніком Сакратарыяту наглядальнай рады ПВТ стаў Аляксандр Базанаў. Да гэтага парк шэсць гадоў узначальваў Усевалад Янчэўскі.

Аляксандр Базанаў скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў на розных пасадах у КДБ, Дзяржаўным сакратарыяце Рады бяспекі, МЗС і апараце Рады міністраў. З лістапада 2010 года працаваў дырэктарам Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Лукашэнкі.

18-гадовы Усевалад Янчэўскі быў самым маладым сябрам каманды Аляксандра Лукашэнкі на ягоных першых прэзідэнцкіх выбарах. Пасля таго як той перамог, стаў адным з кіраўнікоў моладзевай арганізацыі «Прамое дзеянне». У 1997 годзе большая частка сяброў гэтай структуры на чале з Янчэўскім перайшла ў створаны ў падтрымку Лукашэнкі Беларускі патрыятычны звяз моладзі. У 2000 годзе ён стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. З 2005 да 2007 года працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Планета», які выдаецца «Белтрансгазам».

У 2008 годзе Янчэўскага прызначылі памочнікам Аляксандра Лукашэнкі – кіраўніком галоўнай ідэалагічнай управы Адміністрацыі дыктатара. Праз некалькі гадоў той даручыў яму курыраваць сферу інфарматызацыі і высокіх тэхналогій, што ў 2017 годзе прывяло яго на пасаду кіраўніка ПВТ, замест звольненага Валерыя Цапкалы.

Апошнія навіны