BE RU EN

У Беларусі недахоп вакцын ад вятранкі

  • 29.05.2025, 15:51

Праз эканомію лукашыстаў.

У Беларусі не стае вакцын ад вятранкі. У рэдакцыю «Еўрарадыё» звярнулася чытачка са скаргай, што ёй давялося наведаць некалькі паліклінік перш, чым зрабіць прышчэпку.

Журналістка Ліза Міраслаўская наважыла праверыць гэтую інфармацыю і абтэлефанавала некалькі ўстаноў. Што яна даведалася і як лекар каментуе сітуацыю?

Дзесьці няма «сто гадоў», а дзесьці платна і пад заказ

Пад выглядам занепакоенага грамадзяніна тэлефаную ў сталічныя паліклінікі і кажу, што хачу зрабіць прышчэпку ад вятранкі.

У Менскай паліклініцы №1 слухаўку здымае жанчына з рэгістратуры, уважліва слухае маё пытанне і перапытвае ў калегі. На заднім фоне чутны дыялог:

- Хоча зрабіць прышчэпку ад вятранкі. У нас ёсць?

- Не, вядома! Яе сто гадоў няма.

Гэтую ж інфармацыю яна перадала і мне.

Тое ж самае мне распавялі і ў 19-й паліклініцы: маўляў, вакцын ад вятранкі ў іх няма, а каб даведацца, дзе ёсць — тэлефануйце на кароткі нумар 131.

Трэцяя спроба выявілася паспяховай. У 32-й паліклініцы мне сказалі, што вакцыны ў іх ёсць, але платныя і параілі набраць іх інфекцыяністу.

Такая гісторыя і ў 6-й паліклініцы. Тут мяне з рэгістратуры адразу накіравалі да інфекцыяністкі, якая распавяла, якім чынам адбываецца вакцынацыя.

- Прышчэпку ад вятранкі толькі пад заказ.

- А чаму пад заказ? Можаце наогул растлумачыць, як гэта працуе?

- Спачатку мы запісваем людзей, потым абзвоньваем іх яшчэ раз, пацвярджаем і тады заказваем вакцыну. Чаму пад заказ? Таму што яна каштуе 114 рублёў. У наступны раз яна можа больш каштаваць. Кошты не стаяць на месцы.

- Гэта імпартная прышчэпка?

- З Кітая мы заказваем.

- Добра, а калі я сёння запішуся, калі мне зробяць укол?

- Цягам двух тыдняў яна прыйдзе з Кітая. Мы ўколем спачатку адзін кампанент, а праз два месяцы другі.

«Дзяржаве больш выгадна страціць адно дзіця за год, чым аплачваць вакцынацыю дзясяткаў тысяч»

Атрымліваецца, што ў дзяржаўных паліклініках зрабіць такую прышчэпку бясплатна нельга. А калі вельмі хочацца, па-першае, давядзецца спачатку пашукаць, дзе іх робяць, а па-другое, заплаціць мінімум 114 рублёў.

Педыятар Мая Церакулава кажа, што такая сітуацыя з вакцынамі, якія не ўваходзяць у нацыянальны каляндар, была заўсёды.

- Яны заўсёды былі платныя і заўсёды былі пад заказ.

Са слоў лекаркі, недаступнасць вакцын склалася праз эканомію дзяржавы. І будзь такія лекі бясплатнымі, можна было б ратаваць ад смерці мінімум адно дзіця на год.

—Безумоўна. Ветраная воспа - вельмі распаўсюджаны і небяспечны ўскладненнямі вірус. Але рызыка ускладненняў досыць нізкая, а вакцына дарагая. Дзяржаве больш выгадна страціць адно дзіця за год, чым аплачваць вакцынацыю дзясяткаў тысяч.

Мая раіць бацькам не шкадаваць грошай і абавязкова зрабіць прышчэпку ад вятранкі, асабліва, калі дзіця ўваходзіць у зону рызыкі.

Апошнія навіны