ЗША і Нямеччына прыстрашылі Пуціна новымі санкцыямі
- 29.05.2025, 9:39
Краіны дамовіліся каардынаваць крокі.
Расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін павінен быць гатовы да таго, што «будуць ужытыя захады» з боку ЗША і Еўропы, калі ён не будзе згаджацца садзіцца за стол перамоў. Аб такой заяве дзяржсакратара Марка Рубіё паведаміў міністр замежных спраў Нямеччыны Ёган Вадэфуль пасля іх сустрэчы, піша Sueddeutsche Zeitung.
Выданне паведаміла, што кіраўнік МЗС Нямеччыны здзейсніў свой першы візіт у ЗША, дзе сустрэўся з дзяржсакратаром Рубіё. Гэтая паездка Вадэфуля мела таксама на мэце падрыхтоўку візіту канцлера Нямеччыны Фрыдрыха Мэрца ў Вашынгтон.
Апроч іншага, тэмай перамоў Вадэфуля і Рубіё было заканчэнне вайны ва Украіне. Нямецкі міністр расказаў, што «існуе згода аб неадкладным спыненні агню», і Украіна гатовая да гэтага, але Расея гэтага не хоча.
«Менавіта таму мы сёння дамовіліся, што будзем цесна каардынаваць наступныя крокі, каб Пуцін нарэшце змог сесці за стол перамоў», - паведаміў Вадэфуль.
Ён працытаваў словы Рубіё, сказаныя з ім у размове, пра тое, «што будуць ужытыя захады, калі Пуцін будзе адмаўляцца», і расейскі кіраўнік «павінен быць да гэтага гатовы».