МАГАТЭ ўстурбаванае планамі Расеі аб Запарожскай АЭС
- 28.05.2025, 21:50
Гросі рыхтуе новы візіт ва Украіну.
МАГАТЭ ўстурбаванае намерамі Расеі падключыць Запарожскую АЭС да ўласнай энергасістэмы.
Пра гэта заявіў генеральны дырэктар Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) Рафаэль Гросі, паведамляе Euronews.
.
Кіраўнік Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі заявіў, што найбліжэйшыя дні наведае Кіеў на фоне паведамленняў аб тым, што расейскія войскі будуюць лініі электраперадач для падключэння Запарожскай атамнай электрастанцыі да яе энэргасістэмы.
"Магу сказаць, што найбліжэйшыя дні я зноў паеду ў Кіеў, а магчыма, таксама ў Расею”, - сказаў Гросі.
Ён адзначыў, што сітуацыя на фронце застаецца "надзвычай актыўнай", а вайсковая аперацыі працягваюцца вельмі блізка да Запарожскай атамнай электрастанцыі.
“Мы ўстурбаваныя гэтым, мы сочым за гэтым. Як вы ведаеце, мы пастаянна прысутнічаем на станцыі. І мы будзем працягваць нашы перамовы з абедзвюма старанамі, з расейцамі, з гэтай нагоды.... гэта пытанне, якое патрабуе вельмі ўважлівага разгляду і, магчыма, вельмі дбайнай ацэнкі бяспекі. Таму гэта адзін з пунктаў, які я збіраюся абмеркаваць з імі на працягу наступных некалькіх дзён", - рэзюмаваў ён.