У Расеі вынеслі прысуд жанчыне, якая трымала ў рабстве шасцярых беларусаў
- 28.05.2025, 18:03
Яна правядзе за кратамі толькі блізу чатырох месяцаў.
Суд у Расіі вынес прысуд жанчыне на імя Наталля, якая ўтрымлівала ў працоўным рабстве шасцярых грамадзян Беларусі. Пра гэта паведамляе валанцёрская арганізацыя “Альтэрнатыва", якая дапамагала ў вызваленні пацярпелых.
Паводле версіі следства, жанчына адбірала ў людзей дакументы і тэлефоны, утрымлівала іх сілай і псіхалагічным ціскам, прымушаючы прасіць міласціну. Кожнаму з іх яна выдавала шыльды з просьбамі аб дапамозе і штодня забірала заробленыя грошы — ад 5 да 10 тысяч рублёў з чалавека.
Справа раскрылася выпадкова. У красавіку 2024 года ў Падольску адная з жанчын разгаварылася з мужчынам, які прасіў міласціну, і даведалася, што ён робіць гэта супраць сваёй волі. Яна звярнулася на гарачую лінію “Альтэрнатывы". Пасля звароту пачалася праверка, падчас якой у Наталлі знайшлі пашпарты, мабільныя тэлефоны, банкаўскія карты і грошы, канфіскаваныя ў ахвяр.
Сама абвінавачаная цалкам прызнала віну. Суд прызначыў ёй 1 год і 10 месяцаў пазбаўлення волі. З улікам часу, праведзенага ў СІЗА, Наталля правядзе за кратамі яшчэ каля чатырох месяцаў.