BE RU EN

Прэзідэнт Фінляндыі: Пуцін катастрафічна недаацаніў украінскае войска

  • 28.05.2025, 17:55

Гэта адзін з найбуйнейшых правалаў у сучаснай ваеннай гісторыі.

Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб заявіў, што ўварванне Расеі ва Украіну стала адной з найбуйнейшых стратэгічных і тактычных памылак у сучаснай ваеннай гісторыі. У інтэрв'ю CNN ён падкрэсліў, што Масква сур'ёзна недаацаніла баяздольнасць Украіны, пераацаніла сваё войска і недаацаніла згуртаванасць Захаду, піша Daily Express (пераклад - сайт Charter97.org).

Са слоў Стуба, Фінляндыя захоўвае спакой на фоне нарошчвання расейскіх войск ля мяжы, але ўважліва сочыць за сітуацыяй.

«Мы ўсё кантралюем. Расея заўсёды мела базы ля нашай мяжы, гэта звычайная актыўнасць», - сказаў ён.

Фінляндыя стала 31-м чальцом NATO ў 2023 годзе, пасля пачатку вайны ва Украіне. Разам са Швэцыяй краіна падала заяўку, спаслаўшыся на пагрозу з боку Расеі. Уступленне ў альянс фактычна падвоіла сухаземную мяжу NATO з Расеяй - яна складае 1340 км.

Стуб адзначыў, што Фінляндыя мае адно з самых магутных войск у Еўропе, з рэзервам да 900 тысяч чалавек дзякуючы абавязковай вайсковай службе, а таксама закупіла 64 найноўшыя знішчальнікі F-35.

«Калі б не напад на Украіну, Фінляндыя б не ўступіла ў НАТА. Пуцін атрымаў супрацьлеглы вынік ад таго, чаго дамагаўся», - дадаў прэзідэнт Фінляндыі.

Апошнія навіны