У адным з амерыканскіх штатаў дазволілі выкарыстоўваць золата і срэбра для аплаты тавараў
- 28.05.2025, 17:44
Законапраект таксама прадугледжвае вызваленне ад падатку пры пэўных умовах.
Губернатар Фларыды Рон Дэсантыс падпісаў законапраект, які прызнае золата і срэбра законным аплатным сродкам. Цяпер жыхары штата змогуць выкарыстоўваць гэтыя металы ў аплатных аперацыях.
Выданне Business Insider піша, што дакумент запускае працэс, які дазваляе ўраду ці прыватным арганізацыям добраахвотна прымаць золата і срэбра ў якасці формы аплаты запазычанасцяў. Законапраект таксама прадугледжвае вызваленне ад падатку з продажаў пры куплі каштоўных металаў, калі яны адпавядаюць патрабаванням чысціні або калі сума продажу золата ці срэбра перавышае 500 даляраў.
Закон набудзе моц 1 ліпеня 2026 года, калі заканадаўчы сход Фларыды дагэтуль не зацвердзіць правілы рэалізацыі законапраекта.
Са слоў Дэсантыса, гэты крок закліканы забяспечыць фінансавы суверэнітэт штата.
«Фларыда цвёрда стаіць за свабоду, эканамічнае самавызначэнне і супраціўленне празмернаму ўплыву ўрада. Але занадта доўга састарэлыя правілы і непатрэбныя падаткі з продажаў рабілі немэтазгодным выхад жыхароў Фларыды на рынак золата і срэбра», - заявіў губернатар.
Законапраект Фларыды абвяшчае, што залатыя манеты павінны мець чысціню 99,5%, а сярэбраныя - 99,9%, каб быць прызнанымі законным аплатным сродкам. Таксама на манетах павінны быць пастаўленыя вага і чысціня.
Урадавыя арганізацыі таксама могуць прымаць золата ці срэбра, але толькі ў форме электроннага пераводу, гаворыцца ў дакуменце.
Фларыда - не першы штат, які прызнаў каштоўныя металы аплатным сродкам. Штат Юта ў 2011 годзе прыняў закон аб прызнанні золата і срэбра законным аплатным сродкам і вызваленні манет ад падаткаў штата.