BE RU EN

Politico: ЕЗ выдзеліць 75 мільярдаў еўраў на новую стратэгію па Чорным моры

  • 28.05.2025, 16:35

Яна патрэбная для бяспекі рэгіёну.

Брусэль абвясціў новую стратэгію па Чорным моры, накіраваную на ўмацаванне бяспекі рэгіёну на фоне пагроз з боку Расеі, піша Politico (пераклад - сайт Charter97.org). План уключае мадэрнізацыю інфраструктуры для хуткага перамяшчэння вайсковай тэхнікі і стварэння ўстойлівай лагістыкі.

«Бяспека Чорнага мора - гэта і бяспека Еўропы», - заявіла кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас. З яе слоў, рэгіён дэстабілізаваны праз поўнамаштабную вайну Расеі супраць Украіны і гібрыдныя напады на марскую інфраструктуру.

ЕЗ мае намер укласці сродкі ў мадэрнізацыю партоў, чыгунак і аэрапортаў у краінах рэгіёна, напрыклад, у Румыніі і Балгарыі. Гэта дазволіць забяспечыць аператыўнае перамяшчэнне войск. Паводле ацэнак раней агучаных Еўракамісіяй, на вайсковую адаптацыю транспартнай сеткі спатрэбіцца амаль 75 мільярдаў еўраў.

Таксама будзе створаны Чарнаморскі цэнтр марской бяспекі, які стане сістэмай ранняга папярэджання для ЕЗ. Цэнтр дапаможа адсочваць пагрозы і бараніць крытычна важныя аб'екты.

У рамках стратэгіі таксама прадугледжаныя захады кантролю за замежнай уласнасцю ў партах і ключавой інфраструктуры, развіццё новых энэргетычных і лічбавых калідораў, а таксама падтрымка прыбярэжных супольнасцяў ва ўмовах экалагічных і кліматычных рызык.

ЕЗ плануе ўмацаваць сувязі з Украінай, Малдовай, Грузіяй, Турцыяй, Арменіяй і Азербайджанам.

Апошнія навіны