Канада хоча далучыцца да праграмы пераўзбраення ЕЗ
- 28.05.2025, 11:35
Ужо да 1 ліпеня.
Прэм'ер-міністр Канады Марк Карні хоча, каб яго краіна далучылася да праграмы пераўзбраення Еўрапейскага Звязу ReArm Europe да 1 ліпеня.
Пра гэта піша CBC.
Марк Карні выказаў надзею, што Канада зможа далучыцца да вялікага еўрапейскага плана абароннага пераўзбраення да 1 ліпеня, што стане крокам да змяншэння залежнасці краіны ад Злучаных Штатаў у сферы ўзбраенняў і боепрыпасаў.
Ён зрабіў гэтую заяву ў эфіры пасля троннай прамовы, у якой яго ўрад абавязаўся далучыцца да праграмы ReArm Europe.
У прамове не было вызначана часовых рамак, але Карні сказаў, што хоча дзейнічаць агрэсіўна.
"Семдзесят пяць цэнтаў з кожнага даляра капітальных выдаткаў на абарону ідуць у ЗША. Гэта глупства", - сказаў Карні вядучаму Дэвіду Кокрэйну.
Канада вядзе перамовы з Еўрапейскім Звязам з моманту ўступлення Карні на пасаду – да вясновых федэральных выбараў - аб далучэнні да плана пераўзбраення Еўропы.
"Мы дасягаем значнага прагрэсу ў гэтым пытанні, і да Дня Канады мы хацелі б бачыць нешта канкрэтнае", - сказаў Карні.