«У праваслаўя ў Беларусі ёсць перспектывы па-за расейскай царквой»
- 28.05.2025, 9:35
Святар Георгій Рой расказаў аб падтрымцы сярод беларускіх вернікаў.
У праваслаўя ў Беларусі ёсць перспектывы па-за расейскай царквой і «рускім светам», заявіў святар Георгій Рой. 27 траўня ён выступіў на онлайн-дыскусіі "Беларускія рэлігійныя супольнасці ў цені "рускага свету", піша «Позiрк».
Паводле слоў Роя, пасля падзей 2020 года рэлігійная грамадскасць Беларусі недаацаніла "глыбіню пранікнення ідэй "рускага свету" і ўплыў расейскай прапаганды на жыццё беларускай царквы".
“Мы спадзяваліся, што сітуацыю можна пераламаць, змяніць знутры, што Беларуская праваслаўная царква ўсё ж здольная трансфармавацца ў царкву беларускага народа, адпавядаць яго культуры і духу - служыць і Богу і беларускаму народу. Мы недаацанілі ўплыў прапаганды. …> Таму пасля 2020 года, асабліва пасля пачатку вайны Расеі супраць Украіны, стала зразумела, што гэтыя спадзяванні былі марныя”, — сказаў святар.
Ён канстатаваў таксама вялікую ўвагу "з боку апанента" да беларускага прыходу Сусветнага патрыярхату ў Вільні, заснаванага ім і святаром Аляксандрай Кухтай пасля эміграцыі з Беларусі з палітычных прычынах.
“У Беларусі ацэньваюць патэнцыял нашай ініцыятывы і баяцца яго. Супраць нас створаны кіраваныя інфармацыйныя рэсурсы, якія ўвесь час пішуць нешта, дэманізуюць нашы ініцыятывы і распачынанні. Акрамя таго, ёсць спробы запалохвання — вядомыя выпадкі, калі ў вокны нашага парафіяльнага дома стралялі, гэта павінна было адпудзіць тых, хто хацеў бы да нас далучыцца. Таксама нашы сродкі масавай інфармацыі, напрыклад, сацыяльныя сеткі нашай парафіі, абвешчаныя экстрэмісцкімі”, - адзначыў Рой.
Разам з тым ён падкрэсліў, што адчувае падтрымку вернікаў, у тым ліку тых, хто жыве ў Беларусі.