У Менскай вобласці праз складаныя ўмовы надвор'я перакулілася маршрутка
- 27.05.2025, 20:19
Тры чалавекі ў лякарні.
ДТЗ з удзелам маршрутнага таксі адбылося 27 траўня блізу 17.20 у Смалявіцкім раёне, паведамілі ў ДАІ.
51-гадовы кіроўца маршруткі Mercedes ехаў па трасе Р53 Слабада – Навасады ў кірунку сталіцы. Паводле папярэдняй інфармацыі, ён не ўзяў да ўвагі ўмовы надвор'я і не справіўся з кіраваннем. Аўтамабіль рэзнуўся ў раздзяляльную агароджу і перакуліўся.
У Следчым камітэце ўдакладнілі, што на момант аварыі ў мікрааўтобусе знаходзіліся 10 чалавек. Трое пасажыраў не пацярпелі, яшчэ чацвёра – пасля агляду медыкамі адпушчаныя дадому. Кіроўца і два пасажыры цяпер у лякарні з траўмамі рознай ступені цяжкасці.