У Беларусі пабудавалі самы высокі панэльны дом у краіне
- 27.05.2025, 16:38
Прычым не ў сталіцы.
У Беларусі нарэшце дабудавалі панэльны дом на 24 паверхі – гэта рэкорд для краіны. Прычым не ў сталіцы, а ў Гомелі. Нават у Менску такіх высокіх панэлек пакуль няма.
Дом знаходзіцца на вуліцы Мазурава, у 18-м мікрараёне. Яго пачалі будаваць у траўні 2023 года. Гэта першы з трох новых дамоў, якія ўзводзяць па тыпавой серыі 152М, піша Blizko.by. раней такія дамы ў Беларусі будавалі максімум на 14 паверхаў, а гэты стаў першым 24-павярховым.
У доме будзе 184 кватэры:
* аднапакаёвыя - ад 46 “квадратаў".
* двухпакаёвыя - ад 49 "квадратаў”
* трохпакаёвыя - ад 83 “квадратаў".
Першапачаткова будынак павінен быў быць авальным, але потым праект спрасцілі, і дом стаў прастакутным. Яго планавалі здаць яшчэ 29 студзеня 2025 года, але тэрміны некалькі разоў пераносілі. У выніку дом здалі 26 траўня 2025 года. Побач ужо будуюцца яшчэ два такія ж.
Цікава, што яшчэ ў 2010 годзе ў Менску таксама абяцалі высокія панэльныя дамы – да 25 паверхаў. Але за 15 гадоў такіх пабудоў так і не з'явілася.
Дарэчы, у Менску самыя высокія шматпад'ездныя панэлькі пакуль не вышэйшыя за 19 паверхаў. У Новай Баравой нядаўна дабудавалі панэльны дом на 23 паверхі, але гэта пакуль рэдкасць.