Работнікі фармацэўтычнай кампаніі 10 месяцаў былі без заробку
- 27.05.2025, 15:43
Запазычанасць кампаніі – 430 000 рублёў.
Адна з фармацэўтычных кампаній у Менску 10 месяцаў не выплачвала супрацоўнікам заробак. Пацярпелі 18 чалавек, паведамляюць у пракуратуры.
У ведамстве адзначаюць, што аб парушэннях стала вядома падчас праверкі - 18 работнікам не выплацілі заробак за перыяд з красавіка 2024 года да лютага 2025 года. Агульная сума склала больш за 430 000 рублёў.
Частка 1 артыкула 73 Працоўнага кодэкса РБ гарантуе работнікам рэгулярную выплату заробку не радзей як два разы на месяц.
Пракуратура вынесла прадпісанне кіраўніку кампаніі, у якім запатрабавала неадкладна выплаціць запазычанасць у заробку. Адзначаецца, што працоўныя правы работнікаў былі цалкам адноўленыя.