На птушкафабрыцы пад Гародняй адбылася дэтэктыўная гісторыя
- 27.05.2025, 10:53
Прапала 400 качыных яек.
З пачатку траўня з тэрыторыі прадпрыемства прапала 414 інкубатарных яек. 35-гадовы аператар гаспадаркі ноччу на ўласным транспарце вывозіў латкі з яйкамі.
Захоўваць і рэалізоўваць скрадзенае дапамагалі яго сваякі. 58-гадовая жанчына прадавала птушанят праз гандлёвую інтэрнэт-пляцоўку, а 64-гадовы мужчына сачыў за яйкамі і качанятамі, паведамляе абласны міліцэйскі тэлеграм-канал.
Міліцыя затрымала маладога мужчыну на месцы злачынства падчас разгрузкі транспарту.
Прычыненая шкода склала 1 200 рублёў. Значная частка выкрадзенага канфіскаваная.
Распачатая крымінальная справа паводле артыкула «Крадзеж, учынены групай асоб». Санкцыя артыкула прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да чатырох гадоў.