BE RU EN

«Гэта ўжо не проста дажджы?»

  • 27.05.2025, 17:37

Сіноптыкі расказалі, якое надвор'е чакае беларусаў.

Травень працягвае выпрабоўваць беларусаў на трываласць. На змену анамальным халадам прыйшлі зацяжныя і месцамі вельмі моцныя дажджы, асабліва на ўсходзе і поўначы краіны. Пакуль у некаторых раёнах за дзень выпадала да 80% месячнай нормы ападкаў, Віцебск пачала заліваць ужо трэцяя па ліку норма. Сіноптыкі з Белгідрамета паабяцалі працяг дажджоў і навальніц, але не абышлося і без добрых навін, піша telegraf.news.

«Добрай раніцы. Сёння чарговы дзень мокрага сурка на большай частцы тэрыторый, у тым ліку і ў Менску», — так пачалі сваё ранішняе паведамленне 27 траўня ў Telegram-канале пра надвор'е ў Беларусі «Метэпвайб». Паводле іх звестак, толькі на самым захадзе краіны пад уплывам грэбня Азорскага антыцыклону, а на ўсходзе Магілёўскай і Гомельскай абласцей (пад уплывам антыцыклону над еўрапейскай часткай Расеі) дажджоў не чакаецца.

Раней гэты ж канал паведамляў, што цяперашнія ападкі — гэта «ўжо не проста дажджы, якія генеруе маларухомы актыўны фронт з хвалямі, а небяспечная пагодная з'ява». Паводле іх звестак, толькі за 25 траўня месцамі па ўсходзе Беларусі выпала да 60-80% ад месячнай нормы ападкаў.

«Здзівілі Расоны, дзе вылілася 53 літры вады на квадратны метр», — адзначылі аўтары канала. Пры гэтым эпіцэнтр цяпла, з іх назіранняў, дзякуючы сонечнаму прагрэву зрушыўся на захад краіны, дзе, напрыклад, у Гародні было зафіксавана +20,9°С.

Але больш за ўсё ападкаў дасталася Віцебску, а за апошнія дні ў горадзе выпала ўжо больш за 75% ад месячнай нормы. Там нават фіксаваліся падтапленні. Больш за тое, з іх падлікаў, з пачатку месяца ў Віцебску ўжо выпала больш за 2-е месячныя нормы ападкаў, і дажджы да канца месяца працягнуцца, так што 2,5-3 месячныя нормы ў траўні цалкам верагодныя.

Канал @nadvorie, у сваю чаргу, дапоўніў назіранні тым, што паветраная маса над Беларуссю, на іх думку, не так каб моцна халодная, і камфортным тэмператур +20..+22°С толькі перашкаджае шчыльны пласт воблачнасці.

«Зрэшты, ёсць надзея найбліжэйшыя два-тры дні воблачнасць будзе не такая шчыльная, і агулам стане крыху цяплей. Дзённыя максімумы будуць дасягаць +20..+24°С. Аднак, не хвалюйцеся, дождж не спыніцца», - іранічна рэзюмавалі ў @nadvorie.

І згодна з гідралагічным бюлетэнем Белгідрамета ад 26 траўня, у папярэдні перыяд (21-25 траўня) на рэках краіны адзначаўся ў асноўным рост узроўняў вады. Гэта прывяло да таго, што на Дняпры ля Магілёва і Бярэзіне ў Светлагорска «палепшыліся ўмовы для працы рачнога транспарту».

Аднак, як гэта ні парадаксальна, на Нёмане ў Гародні і Бярэзіне ля Бабруйска ўзроўні вады «знаходзяцца ніжэй за адзнакі, якія лімітуюць суднаходства». Тэмпература вады ў рэках цяпер ад 11°С да 18°С, у вадаёмах — ад 12°Сда 16°С. Да канца гэтага тыдня на большасці рэк рост узроўняў вады з прагнозаў, захаваецца.

Апошнія навіны