Экс-афіцэр выведкі ЗША: Пуцін скончыць як Гітлер
- 25.05.2025, 21:26
Дэвід Карстэнс назваў уразлівасці дыктатара РФ.
Былы афіцэр вайсковай выведкі ЗША, экспэрт у бяспецы Дэвід Х. Карстэнс заявіў, што ў прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна ёсць чатыры слабыя месцы, якія ў выніку могуць прывесці да яго падзення, паведамляе The Sun.
Паводле ягоных слоў, ягоныя слабасці могуць прывесці да таго, што яго чакае той жа лёс, што і Адольфа Гітлера. І, як ён дадаў, «ахілесава пята» тырана ставіць Расею на шлях да самай вялікай колькасці страт сёлета з пачатку вайны. Ён упэўнены, што 2025 год, хутчэй за ўсё, стане самым смяротным годам вайны для Пуціна.
Карстэнс выказаў меркаванне, што Пуцін працягвае вайну, нягледзячы на каласальныя страты, паколькі ён «не адчувае рэальнага ціску» з мэтай укласці мірнае пагадненне.
«Расея мяркуе, што вядзе перамовы з пазіцыі сілы. І гэта дзіўна, таму што за апошнія чатыры месяцы Расея панесла шакавальныя страты. Міністэрства абароны Злучанага Каралеўства ацаніла 160 000 страт з боку Расеі за першыя чатыры месяцы 2025 года», - адзначыў экспэрт.
Гаворачы аб крытычных уразлівых месцах Пуціна, Карстэнс адзначыў, што першае з іх - гэта, тое, што ягоныя войскі не з'яўляюцца бязмежным рэсурсам.
«Па-другое, эканоміка Расеі вельмі далікатная. Калі адбудзецца нейкі эканамічны шок, напрыклад, рэзкае падзенне коштаў паліва ці страта стратэгічнага гандлёвага партнёра, я думаю, сістэма можа дэстабілізавацца», - заявіў былы афіцэр выведкі.
Трэцяй слабой мясцінай Пуціна ён назваў тое, што ён залежыць ад вельмі вузкага ўнутранага кола асоб:
«Ягоныя службы бяспекі, ФСБ, ягоныя алігархі, некаторыя лаяльныя вайсковыя камандзіры. Калі будуць працягвацца няўдачы ў вайне, калі будзе, ведаеце, працягвацца выкарыстанне салдат… няўпэўненасць будзе расці, і гэта можа раскалоць унутраны круг».
Чацвёртым слабым месцам Пуціна Карстэнс разглядае тое, што ён «захрас у канфлікце, які не можа падтрымліваць»:
«Гэта сапраўды такі ж тып перанапружання, які ў выніку перамог Гітлера ў яго заваёве Еўропы».