Гамяльчук прыдумаў штуку, каб няўзнак выносіць элітны алкаголь з крамы
- 25.05.2025, 21:20
Пяты раз не спрацавала.
57-гадовага жыхара Гомеля абвінавачваюць у серыі крадзяжоў дарагіх спіртных напояў з менскіх крам на агульную суму больш за 2 900 рублёў. Пра гэта паведамляе агенцтва "Минск-новости" са спасылкай на пракуратуру Фрунзенскага раёна.
Гамяльчуц рэгулярна прыязджаў у сталіцу - наведаць сына або купіць лекі. Аднак у нейкі момант ён зайшоў у супермаркет на вуліцы Сухараўскай і ўзяў дзве бутэлькі дарагога каньяку - па 277,99 рубля за бутэльку. Мужчына пераканаўся ў адсутнасці кліпсаў, склаў тавары ў папяровы мяшок, а на касе самаабслугоўвання "аплаціў" коштам бульбачкі з дапамогай банкаўскай карты.
Потым гамяльчук прыходзіў у гэтую ж краму яшчэ два разы і такім жа чынам вынес яшчэ чатыры бутэлькі. Пасля ён прыйшоў у іншы супермаркет на вуліцы Прытыцкага і пракруціў той жа прыём з дзвюма бутэлькамі каньяку агульным коштам 1 310,62 рубля (гэта значыць прыкладна па 655 рублёў за кожную).
Мужчыну затрымалі перад ад'ездам дадому, калі ён спрабаваў вынесці яшчэ тры бутэлькі дарагога спіртнога. Усе крадзяжы аб'яднаныя ў адну крымінальную справу.
Са слоў намесніка пракурора Фрунзенскага раёна Андрэя Сербуна, абвінавачаны нідзе не працуе, раней ён не меў праблем з законам. Мужчына сваю віну прызнаў, а ўвесь скрадзены тавар канфіскавалі і вярнулі ў крамы. Прадстаўнік пракуратуры адзначыў, што гамяльчук не выпіў ні кроплі з таго, што выкраў. Цяпер ён знаходзіцца пад вартай, а справа паводле артыкулаў аб крадзяжы накіраваная ў суд.