У Арабійскім моры затануў кантэйнеравоз з небяспечным грузам
- 25.05.2025, 21:03
Удалося выратаваць 21 з 24 членаў экіпажа.
Кантэйнеравоз Sujata пад сцягам Ліберыі затануў у Арабійскім моры, на яго борце знаходзіўся небяспечны груз, паведаміла прэс-служба берагавой аховы Індыі на старонцы ў X.
Судна затанула ля берагоў індыйскага горада Кочын раніцай 24 траўня. Удалося выратаваць 21 з 24 чальцоў экіпажа.
«На судне знаходзілася 640 кантэйнераў, у тым ліку 13 з небяспечнымі грузамі і 12 з карбідам кальцыю. Акрамя таго, у танках судна знаходзілася 84,44 тоны дызельнага паліва і 367,1 тоны паліўнага мазуту», - гаворыцца ў паведамленні.
Берагавая ахова гатовая да рэагавання ў выпадку забруджвання навакольнага асяроддзя. Самалёты ведамства праводзяць ацэнкі пацярпелай тэрыторыі. Пакуль паведамленняў аб разліве нафты не паступала.
Кантэйнеравоз выйшаў з порта Віжынджам у горадзе Тыруванантапураме, ён накіроўваўся ў Кочын і павінен быў прыбыць 24 траўня.