Хабі Алонса ўзначаліў мадрыдскі «Рэал»
- 25.05.2025, 16:27
Папярэднім клубам Алонса быў леверкузенскі «Баер».
Хабі Алонса стаў галоўным трэнерам мадрыдскага «Рэала», паведаміла прэс-служба клуба.
Кантракт 43-гадовага гішпанца разлічаны да 2028 года.
Папярэднім клубам Алонса быў леверкузенскі «Баер», з якім ён у мінулым сезоне перамог у чэмпіянаце Нямеччыны (упершыню ў гісторыі каманды), а таксама ў Кубку і Суперкубку краіны і дайшоў да фіналу Лігі Еўропы.
У якасці гульца Алонса гуляў за «Рэал Сас’едад», «Баер», «Рэал», «Ліверпуль» і «Баварыю». З мадрыдцамі ён перамог у чэмпіянаце Гішпаніі, Лізе чэмпіёнаў, здабыў два Кубкі і адзін Суперкубак Гішпаніі. На яго рахунку таксама перамога на чэмпіянаце свету і двух Еўра з нацыянальнай камандай Гішпаніі.
«Рэалам» з 2021 года кіраваў італіец Карла Анчалоці, які пакінуў клуб і перайшоў на працу ў нацыянальную каманду Бразіліі.