Украінская энергасістэма выдужала
- 25.05.2025, 15:24
Новыя тэхналагічныя развязанні прыходзяць проста з перадавой.
Крытычная інфраструктура Украіны зазнае напады цягам усёй вайны. Цяпер краіна перабудоўвае сваю энэргетычную сістэму, і робіць гэта з улікам вайсковага досведу, піша Bloomberg (пераклад - сайт Charter97.org).
Харкаў, адзін з найбуйных гарадоў краіны, адзін з самых пацярпелых ад абстрэлаў, стаў своеасаблівай лабараторыяй па стварэнні новай, гнуткай і ўстойлівай энэргасеткі.
Расея нанесла 30 маштабных удараў па энэргетычных аб'ектах Украіны. Было пашкоджана або знішчана больш за 63000 адзінак інфраструктуры, шкода ацэненая на $93 мільярды. У Харкаве, паводле звестак аналізу спадарожнікавых здымкаў NASA, інтэнсіўнасць начнога асвятлення ўвосень 2024 года знізілася на 94% у параўнанні з тым жа перыядам 2021 года.
Аднак нават такія разбурэнні не змаглі цалкам зруйнаваць сістэму - наадварот, яны сталі штуршком да яе пераасэнсавання. Украіна адыходзіць ад ненадзейнай, цэнтралізаванай энэргасістэмы савецкага ўзору. Замест буйных ТЭС і АЭС - упор на лакальныя крыніцы: газавыя турбіны малой магутнасці, сонечныя панэлі, мабільныя генератары. Гэта дазваляе захоўваць электразабеспячэнне нават ва ўмовах масаваных нападаў.
У гарадах, уключаючы Харкаў, пачалі ствараць уласныя незалежныя сеткі, якія забяспечваюць цяпло і святло для крытычных аб'ектаў - шпіталяў, станцый хуткай дапамогі, водаканалаў. Ва ўмовах разбуранага цеплазабеспячэння зімой 2022 года Харкаў аператыўна пераабсталяваў сетку: новыя трубы пракладваліся не пад зямлёй, а над паверхняй - хутка і ў абыход стандартаў, але эфектыўна.
Нават калі вясной 2024 года Расея вывела са строю яшчэ 9 ГВт генерыруючых магутнасцей - амаль палову даваеннага патэнцыялу краіны - украінская энэргасістэма выстаяла. Татальных адключэнняў удалося пазбегнуць за кошт рэзервовых магутнасцей, лакальных электрастанцый і прадуманага размеркавання.
У дадатак да тэхнічнага перааснашчэння Украіна робіць стаўку на абарону персаналу: энэргетыкі атрымліваюць аптэчкі і індывідуальныя сродкі аховы, уводзяцца стандарты бяспекі ва ўмовах абстрэлаў. Праца вядзецца часта ўручную і пад агнём, але энэргетыкі працягваюць аднаўляць лініі электраперадач.
Новая ўкраінская энэргасістэма ўжо зараз уважаецца за больш устойлівую і экалагічную, чым даваенная. Яна ўсё яшчэ мае патрэбу ў інвестыцыях і мадэрнізацыі, але галоўнае ўжо дасягнутае: выжыванне ва ўмовах вайны стала магчымым дзякуючы зацятасці, гнуткасці і тэхналагічным развязанням, выпрацаваным проста на перадавой.