Дзе беларусы змогуць адпачыць гэтым летам
- 25.05.2025, 17:25
Многія па-ранейшаму выбіраюць Еўропу.
Зусім хутка пачнецца сезон адпачынкаў. Разам з эксперткай з Visaflow «Еўрарадыё» паглядзела, куды ў гэтым сезоне скіруюцца загараць беларусы і колькі гэта будзе каштаваць.
Калі няма візы
Сёлета папулярнымі кірункамі для беларусаў застаюцца Турцыя, краіны Азіі і нават Маўрыкій, гаворыць галоўная рэдактарка Visaflow Настасся Лысакоўская.
– Вельмі папулярная Турцыя. Гэта краіна адна з самых даступных, але ў гэтым сезоне будзе даражэйшая, чым год-два таму. Егіпет таксама запатрабаваны, але паступова страчвае актуальнасць праз высокія кошты і сэрвіс. Плюс надзвычайныя здарэнні адпужваюць турыстаў.
У гэтыя краіны лёгка дабірацца з Расеі – адтуль ёсць шмат прамых авіярэйсаў, але пералёты могуць займаць і восем гадзінаў.
Сем'і з дзецьмі ў асноўным выбіраюць тыя месцы, дзе ёсць прамыя авіязносіны з Беларусі.
Чаму беларусы едуць у Турцыю і Егіпет?
Мне падаецца, у сувязі з праблемамі з візамі і авіязносінамі, а таксама проста з тым, што беларусам падабаецца туды ездзіць.
Такі прыклад прывяду: шмат хто з'ехаў з Беларусі, а адкрыць візу, напрыклад, для бацькоў, складана. І, атрымліваецца, прыязджаць туды танней, чым затлумляцца з візамі. Таму людзі глядзяць, куды лягчэй паляцець прамым рэйсам.
Хочацца ў Еўропу, але візы пакуль яшчэ няма. Я паспею?
Сітуацыя з візамі застаецца складанай, асабліва калі хочацца адпачыць гэтым летам. Напрыклад, можна спадзявацца на Грэцыю.
Звычайна грэкі летам добра адкрываюць, але пакуль мы не бачым тэндэнцыі на паляпшэннн – усё яшчэ шмат адмоваў. Магчыма, у чэрвені нешта палепшыцца, але пакуль там 50 на 50.
Цяпер лепш за ўсіх выдае Гішпанія. Але нюанс у тым, што яны павялічылі тэрмін разгляду да 60 дзён, гэта таксама трэба браць да ўвагі. Напрыклад, людзі, якія падаліся ў сакавіку, толькі нядаўна пашпарты атрымалі. Але ўсё роўна ёсць шанец, што можна ўлетку яшчэ з'ездзіць.
Абавязкова павінны быць фінансавыя гарантыі – не менш за 2-3 тысячы даляраў у эквіваленце беларускіх рублёў, броні квіткоў і гатэля.
У Італію можна набыць тур у турыстычнага агенцтва, праз іх адкрыюць візу.
Можна разглядаць Балгарыю, Румынію і Харватыю, якія нядаўна ўступілі ў зону Шэнген. Калі мы запісваемся на гэтыя краіны, то лепей туды і ехаць.
Таму што Балгарыя анулюе візу, калі заўважыць нейкія рухі цела ў ануляванні броні або калі вы на самай справе не едзеце туды.
У Харватыі затрымкі з дакументамі вельмі вялікія, тэрміны разгляду – месяц-два. Ужо год у Шэнгене, але да гэтага часу не наладзілі выдачу візаў. У Румыніі такая самая сітуацыя.
Нямеччына – паўтара года чакання запісу.
Колькі каштуюць візы?
Калі звяртацца да агенцтваў, то самая танная – гэта Грэцыя – ад 300 рублёў за паслугу. У Гішпанію – ад 400 рублёў і вышэй.
У Італію вельмі дорага, кошт можа даходзіць і да 1000 даляраў.
Калі гаварыць пра консульскія зборы, то гэта ад 250 рублёў. Многае залежыць ад краіны, дзесьці гэта можа быць 500 і нават 800 рублёў. У некаторых візавых цэнтрах можа і 800 рублёў быць проста за падачу.
Чаму беларусы прадаўжаюць выбіраць Еўропу?
Многія беларусы разумеюць, што візу аформіць складана. Ужо прыходзіць такі этап пакоры. Чаму хочуць выехаць у Еўропу? Мне падаецца, першае – гэта той факт, што ў многіх сваякі, дзеці, бацькі з'ехалі ў Еўропу. Яны хочуць пабачыцца, таму афармляюць Шэнген.
У Еўропе танней?
Складана сказаць, калі самастойна паспець запісацца на Гішпанію, то атрымаецца, магчыма, нават танней за Турцыю.
Не тое, што гэта проста бюджэтна, але кошты, вядома, ніжэйшыя. Пералёты тут зручнейшыя. Мы не гаворым пра перасячэнне мяжы, але выбар нашмат большы.
І рэч у першую чаргу, магчыма, не ў коштах, а ў выбары месцаў, куды можна паляцець. Апроч Гішпаніі, ёсць і Італія, і Грэцыя. Тут можна і Канарскія астравы абраць, і Мадэйру…
Еўропа ўсё роўна застаецца жаданай для беларусаў. Незалежна ад таго, што цяпер адбываецца з візамі, попыт усё роўна вялікі.