Навукоўцы: Дзённае святло ўзмацняе імунную абарону арганізма
- 25.05.2025, 12:43
Імунны адказ дасягае піку ў ранішнія гадзіны.
Новазеландскія навукоўцы з Універсітэта Вайпапа Таўмата Рау зрабілі важнае адкрыццё пра сувязь дзённага святла і працы імуннай сістэмы. Высветлілася, што натуральнае асвятленне павялічвае здольнасць імунных клетак змагацца з інфекцыямі. Даследаванне апублікаванае ў навуковым часопісе Science Immunology (SciImmun).
Каманда выявіла, што нейтрафілы – самыя распаўсюджаныя імунныя клеткі арганізма – валодаюць уласным цыркадным гадзіннікам. Гэты ўнутраны «біялагічны гадзіннік» актывуе ахоўныя функцыі клетак з надыходам дзённага святла, значна ўзмацняючы іх здольнасць знішчаць бактэрыі.
Эксперыменты праводзіліся на празрыстых рыбках даніа-рэрыа, чыя імунная сістэма шмат у чым падобная да чалавечай.
«Мы назіралі, што імунны адказ дасягае піку ў ранішнія гадзіны, калі арганізм найбольш актыўны і верагоднасць сутыкнуцца з інфекцыяй вышэйшая», – растлумачыла кіраўнік даследавання Крыстафер Хол.
Адкрыццё дапамагае растлумачыць, чаму людзі больш уразлівыя да інфекцый пры парушэнні сутачных рытмаў, а таксама дае новыя магчымасці для распрацоўкі прэпаратаў, якія ўздзейнічаюць на цыркадныя рытмы імунных клетак.