BE RU EN

Ізраіль увёў у Газу ўсе рэгулярныя пяхотныя і танкавыя брыгады

  • 25.05.2025, 12:32

ХАМАС адступае.

Войска абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) увяло ў сектар Газа ўсе рэгулярныя пяхотныя і бронятанкавыя брыгады. Пра гэта 24 траўня паведаміў ізраільскі тэлеканал «КАН Хадашот» са спасылкай на крыніцы ў сілавых структурах.

Апошняй у сектар увайшла паветрана-дэсантная брыгада. Раней туды былі накіраваныя падраздзяленні «Галані», «Гіваці», «Нахаль», «Кфір», а таксама 7-я бронятанкавая брыгада «Саар мі-Галан», 188-я «Барак», 401-я «Ікваот а-Барзель» і спецпадраздзяленні. Баявыя дзеянні сканцэнтраваныя ў двух раёнах – на поўначы сектару і ў раёне Хан-Юніса на поўдні. За некалькі дзён да гэтага ЦАХАЛ заклікаў жыхароў гэтых зонаў эвакуявацца ў гуманітарныя раёны. У названых раёнах таксама былі праведзеныя масаваныя авіяўдары.

«КАН Хадашот» адзначае, што, у адрозненне ад папярэдніх фазаў вайны, прасоўванне ізраільскіх войскаў адбываецца павольна, з прыярытэтам на бяспеку. Такую пастанову прынялі кіраўнік Генштаба Эяль Замір і камандзір Паўднёвай ваеннай акругі Яніў Асур. На іх загад рух войскаў ажыццяўляецца «з арганізацыяй бяспекі за кошт хуткасці» – гэта значыць з паветраным прыкрыццём і паэтапным разгортваннем сілаў.

Паводле словаў крыніцаў канала, цяпер салдаты амаль не сутыкаюцца з супрацівам. У ізраільскай выведцы мяркуюць, што большасць баевікоў ХАМАС пакінулі раёны баявых дзеянняў, адступіўшы на поўдзень.

Апошнія навіны