Навукоўцы расказалі, чаму не варта адкладаць будзільнік
- 25.05.2025, 11:22
Цікавы факт.
Большасць людзей адкладае пад’ём і націскае на паўтор будзільніка раніцай. Гэта здаецца бяскрыўднай звычкай – трохі даспаць, падоўжыць камфорт. Аднак навукоўцы са шпіталя Брыгама і ў Масачусэтсы, ЗША, высветлілі: прыкладна 11 хвілінаў прамежкавага сну не аднаўляюць сілы, а перашкаджаюць целу і мозгу паўнавартасна закончыць начны адпачынак, піша techinsider.
Чаму нельга адкладаць будзільнік
Паводле новага даследавання, больш за палову карыстальнікаў праграмы Sleep Cycle па ўсім свеце рэгулярна карыстаюцца функцыяй паўтору ў будзільніку. У сярэднім людзі спяць дадаткова 11 хвілінаў пасля першага сігналу. Аднак гэтыя хвіліны праходзяць у «павярхоўным сне» і перарываюць аднаўленчую REM-фазу, у якой мозг перапрацоўвае эмоцыі і замацоўвае памяць.
«Лепш за ўсё ставіць будзільнік на самы позні час, калі вы сапраўды гатовыя прачнуцца, і адразу ўставаць», – кажа аўтарка даследавання доктарка Рэбека Робінс.
Паўторны сон пасля будзільніка не прыносіць карысці, а можа нават выклікаць дзённую дрымотнасць, – кажа экспертка.
Так, у даследаванні прааналізавалі звесткі больш як 21000 карыстальнікаў з розных краінаў за шэсць месяцаў – больш за 3 мільёны сеансаў сну. Амаль 56% запісаў заканчваліся спрацоўваннем паўтору будзільніка.
Прычым 45% людзей выкарыстоўвалі паўтор больш як у 80% выпадкаў, у сярэднім на 20 хвілінаў.
Чаму паўтор будзільніка – шкодны
Таксама навукоўцы высветлілі, што паўторы будзільніка часцей здараюцца ў будні, а радзей – на выходныя.
Тым часам людзі, якія кладуцца пазней, часцей адкладаюць пад’ём.
Жанчыны выкарыстоўваюць кнопку паўтору часцей за мужчынаў, што можа быць звязана з рызыкай бессані і нагрузкай догляду дзяцей.
Даследаванне паказала: чым даўжэй чалавек спіць ноччу (больш за 9 гадзінаў), тым верагодней ён націскае на паўтор. Але пры гэтым менавіта людзі, якія рана кладуцца, радзей выкарыстоўваюць гэтую функцыю.
Геаграфія таксама важная – у ЗША, Швэцыі і Нямеччыне кнопкай паўтору карыстаюцца часцей, чым у Японіі і Аўстраліі.