Atlantic Council: Новая геапалітычная роля золата
- 25.05.2025, 10:38
ЗША мусяць адаптавацца да гэтай новай рэальнасці.
Попыт на золата расце, як гэта ўжо адбывалася ў 2008 годзе і падчас пандэміі COVID-19, піша Atalntic Council (пераклад – сайт Charter97.org).
Аднак сёння сітуацыя іншая: рост коштаў падаграваецца не толькі інвестарамі, але і цэнтральнымі банкамі краінаў, каб засцерагчы сябе ад наступстваў фінансавых крызісаў.
Дзяржавы і прыватныя структуры ствараюць золатавалютныя актывы і плацежныя сістэмы, якія не залежаць ад даляра. Гэта не проста спробы эканамічнай дыверсіфікацыі – гэта прамы выклік фінансавай гегемоніі ЗША і сістэме санкцыйнага ціску.
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны Захад замарозіў блізу $ 300 млрд расейскіх актываў. Расейскія банкі, у тым ліку Ланта-Банк і Вітабанк, атрымлівалі валюту ад партнёраў у ААЭ і Турцыі ў абмен на золата. Гэтыя схемы ўжо патрапілі пад санкцыі ЗША і Вялікай Брытаніі ў 2023 годзе. Брытанія нават апублікавала «чырвонае папярэджанне» аб рызыках гандлю золатам у абыход абмежаванняў.
Нараўне з фізічным золатам хутка расце рынак крыптавалютаў, забяспечаных золатам. Такія праекты, як Tether Gold (XAUT) і Paxos Gold, дазваляюць захоўваць і перадаваць кошт з залатым забеспячэннем, але без фізічнага перамяшчэння зліткаў. Гэта робіць іх асабліва прывабнымі для абыходу санкцыяў.
Міністэрства фінансаў Кыргызстана абвесціла пра запуск стэйблкойна USDKG, забяспечанага золатам, але прывязанага да даляра. У 2024 годзе банк «Керэмет» ужо трапіў пад санкцыі ЗША за дапамогу расейскаму Прамсувязьбанку ў правядзенні нелегальных аперацый. Цяпер Кыргызстан можа стаць цэнтрам шэрых фінансавых схемаў з удзелам золата і лічбавых актываў.
Сёння стэйблкойны ўдзельнічаюць у 63% усіх незаконных крыптавалютных аперацый, становячыся зручным інструментам для гульцоў пад санкцыямі. Нават прыняты Сенатам ЗША законапраект GENIUS, накіраваны на рэгуляванне крыптавалютаў, слаба абараняе ад такіх замежных эмітэнтаў, як Tether, якія знаходзяцца па-за юрысдыкцыяй ЗША.
Каб супрацьдзейнічаць новым схемам абыходу санкцый, Захаду трэба пашырыць міжнароднае рэгуляванне стэйблкойнаў, асабліва тых, што забяспечаны фізічным золатам і працуюць па-за традыцыйнай банкаўскай сістэмай.
Зварот золата як фінансавага актыву і рост лічбавых залатых валютаў падрываюць далярацэнтрычную архітэктуру сусветнай эканомікі. ЗША, каб захаваць эфектыўнасць санкцыйнай палітыкі, павінны адаптавацца да гэтай новай рэальнасці, абмяжоўваючы стымулы да дэдалярызацыі і ўзмацняючы жорсткасць кантролю над альтэрнатыўнымі актывамі, уключаючы фізічнае і лічбавае золата.
ЗША і іх хаўруснікі маюць усе рэсурсы для таго, каб адаптавацца да новай рэальнасці, абараніць легітымную фінансавую сістэму і захаваць эфектыўнасць санкцыйнага ціску. У гэтым кірунку ўжо вядзецца актыўная праца, і ў міжнароднай супольнасці ёсць усе шанцы не толькі справіцца з новымі рызыкамі, але і ўмацаваць асновы празрыстай, устойлівай і бяспечнай фінансавай сістэмы будучыні.