Генерал Брыгер: Еўропе неабходна адаптавацца да новай рэальнасці
- 24.05.2025, 21:24
І значна падвысіць сваю ўстойлівасць.
Расея на сёння нясе найбольшую пагрозу для Еўропы. Пра гэта заявіў старшыня вайсковага камітэта Еўразвязу генерал Робэрт Брыгер у інтэрв'ю ZDF.
З ягоных слоў, значная небяспека ад Масквы зыходзіць як у галіне звычайных узбраенняў, так і ў гібрыднай вайне.
Генерал падкрэсліў, што Еўропе неабходна адаптавацца да новай рэальнасці і значна падвысіць сваю ўстойлівасць. Гэта мае на ўвазе больш актыўнае ўцягванне насельніцтва і падвышэнне дасведчанасці ў тым, што «бяспека каштуе грошай».
«Пасля заканчэння халоднай вайны ўсё было інакш, але цяпер мы сутыкаемся з новай рэальнасцю», – сказаў ён.
Нямецкі генерал адзначыў, што не чакае неадкладнага наступу з выкарыстаннем звычайнага ўзбраення на краіны-чальцы ЕЗ. Але не выключыў, што пад пагрозай уварвання Расеі могуць апынуцца часткі краін Балтыі, якія непасрэдна з ёй мяжуюць.
«Таму неабходна больш супрацоўніцтва ў галіне палітыкі бяспекі, абароны і ўзбраенняў», – рэзюмаваў Брыгер.