BE RU EN

Менскія эколагі заклікалі выпускнікоў адмовіцца ад адной «моднай тэндэнцыі»

  • 24.05.2025, 20:17

І прапанавалі альтэрнатыву.

Менскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя заклікаў школьнікаў на апошніх званках, выпускных вечарах адмовіцца ад адной «моднай тэндэнцыі» і частага атрыбуту такіх мерапрыемстваў, паколькі ён здольны нанесці шкоду прыродзе.

«Адна з модных тэндэнцый нашага часу - запуск балонікаў: каляровая яркая разнастайнасць эфектна ляціць у неба ... прыгожа? Так! Але так шкодна для навакольнага асяроддзя!» - заявілі ў менскай прыродаахове.

Там патлумачылі, што балонікі могуць праляцець на вялікія адлегласці і пры падзенні яны «забрудзяць самыя аддаленыя і некранутыя куткі прыроды», бо латаксныя абалонкі і поліэтыленавыя вяроўкі выдзяляюць у зямлю і ваду таксічныя рэчывы.

Ёсць небяспека ад балонікаў і для жывёл, расказалі эколагі. Звер з'есць балонік, і ён заблакуе кішачны тракт, «выракаючы жывую істоту на смерць ад голаду». Акрамя таго, жывёла можа заблытацца ў стужках і нітках, якімі завязваюць балонікі.

«Прамой забароны на запуск балонікаў няма, але важна ўсведамляць маштаб шкоды прыродзе», — адзначылі ў Менскім гарадскім камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. І заклікалі пры правядзенні ўрачыстых мерапрыемстваў у дзіцячых садках, школах, гімназіях, ліцэях па магчымасці адмовіцца ад «гэтай прыгожай, але зусім неэкалагічнай традыцыі».

Эколагі прапанавалі альтэрнатыву запуску балонікаў: правесці які-небудзь флэшмоб, напісаць ліст або відэапасланне ў будучыню.

Апошнія навіны