Украінскіх пілотаў F-16 будуць дадаткова вучыць
- 24.05.2025, 15:51
Падтрымку ў падрыхтоўцы прапануе Данія.
Данія накіруе Украіне дадатковую ваенную дапамогу, уключаючы абсталяванне для абслугоўвання і пашыраную праграму падрыхтоўкі пілотаў і тэхнікаў для знішчальнікаў F-16, піша The National Interest (пераклад – сайт Charter97.org).
«На жаль, патрэба Украіны ў падтрымцы не змяншаецца. Я рады і ганаруся, што мы можам зноў вылучыць сродкі на дапамогу, якая мае значэнне як у кароткатэрміновай, так і ў доўгатэрміновай перспектыве. Данія з самага пачатку вайны выступае вернай хаўрусніцай Украіны і застанецца такой у найбліжэйшыя гады», – заявіў міністр абароны Даніі Траэльс Лунд Поўльсэн.
Гэта ўжо 26-ы пакет ваеннай дапамогі ад Даніі. Ён уключае не толькі абсталяванне для абслугоўвання тэхнікі, але і пашырэнне праграмаў падрыхтоўкі пілотаў.
З мінулага года Украіна пачала навучаць на F-16 маладзейшых і менш дасведчаных пілотаў, імкнучыся паскорыць пераход на гэтыя знішчальнікі. Аднак спецыялісты падкрэслівалі, што паскоранае навучанне неэфектыўнае – нават дасведчаным пілотам патрабуецца час, каб асвоіць складаныя сістэмы амерыканскага самалёта.
Дадатковыя F-16 чакаюцца ва Украіне ў 2025 годзе з Даніі, Бельгіі і Нідэрландаў. Таксама ЗША перадалі спісаныя знішчальнікі F-16 са сваёй авіябазы ў Арызоне, каб забяспечыць Украіну камплектавальнікамі для падтрымання існага парку баяздольных самалётаў.
Нягледзячы на складанасці, украінская авіяцыя паказала высокую эфектыўнасць. Як адзначыў аглядальнік, Украінскія ВПС, хоць і не дамагліся поўнага панавання ў паветры, змаглі перашкодзіць Расеі дасягнуць гэтага, што выканала ключавую ролю ва ўтрыманні фронту.
З пачатку вайны Украіна заяўляе пра наступныя вынікі:
2496 збітых крылатых ракетаў
465 кіраваных авіяцыйных ракетаў
97 балістычных ракетаў
40 гіпергукавых «Кінжалаў»
17575 беспілотнікаў тыпу «Шахед»
дзясяткі збітых расейскіх самалётаў і гелікаптэраў.
Пастаўка дадатковых кампанентаў F-16 з ЗША і пашырэнне трэнінгу з удзелам Даніі дапамогуць Украіне яшчэ больш эфектыўна выкарыстоўваць знішчальнікі ва ўмовах вайны, робячы гэты перыяд адным з найважнейшых для ўкраінскіх ВПС.