Галоўны трэнер мадрыдскага «Атлетыка» стаў сведкам забойства экс-дарадцы Януковіча
- 24.05.2025, 12:11
Партнова застрэлілі каля школы, дзе вучацца дзеці Дыега Сімяонэ.
Галоўны трэнер мадрыдскага «Атлетыка» Дыега Сімяонэ і яго жонка Карла Перэйра сталі сведкамі забойства экс-дарадцы Віктара Януковіча Андрэя Партнова.
Партнова застрэлілі каля брамы Амерыканскай школы ў прэстыжным раёне Мадрыда Пасуэла. Гэта адбылося раніцай 21 траўня. Тут вучацца дзеці ўкраінскага юрыста, а таксама дочкі трэнера Сімяонэ - Франчэска і Валянціна. Пра гэта паведамляе El Espanol
Пазней жонка трэнера, які разам з «Атлетыка Мадрыд» здабыў 8 трафеяў, выказалася аб непрыемным інцыдэнце.
«Гэта быў вельмі цяжкі час для ўсіх. Я прашу вялікай павагі да сем'яў, якія пацярпелі. Праўда ў тым, што для нас важна клапаціцца пра дзяцей і абараняць іх», - заявіла Карла.
22 траўня гішпанскае выданне El periodico са спасылкай на ўласныя крыніцы ў паліцыі паведаміла, што Партноў атрымаў тры кулі ў галаву і спіну з кароткаствольнай зброі. Кілер страляў у яго, калі былы дарадца Януковіча садзіўся ў аўто пасля таго, як адвёз дзяцей у школу. Паліцыя зараз праводзіць расследаванне.