18 чалавек пацярпелі пры нападзе з нажом на вакзале Гамбурга
- 24.05.2025, 11:18
Чатыры з іх знаходзяцца ў крытычным стане.
У выніку нападу з нажом на галоўным вакзале Гамбурга раненні атрымалі 18 чалавек, паведаміла паліцыя Гамбурга ў пятніцу, 23 траўня. Напад адбыўся ўвечары. Чатыры пацярпелыя знаходзяцца ў крытычным стане, астатнія атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці, паведамляе агенцтва dpa. Месца нападу было аператыўна ачэпленае супрацоўнікамі праваахоўных органаў, піша «Немецкая волна».
Падазраваная ў нападзе - 39-гадовая грамадзянка Нямеччыны - затрыманая на месцы злачынства, супраціўлення пры гэтым не аказвала. Цяпер паліцыя не бачыць палітычнай падаплёкі. Пра яе асобу і матывы не паведамляецца. Паліцыя мяркуе, што нападніца дзейнічала без суўдзельнікаў, пры гэтым указваецца, што пакуль няма падстаў гаварыць аб палітычных матывах нападу. Правяраецца псіхічны стан затрыманай.
Спачуванні ад палітыкаў
Канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц (Friedrich Merz) у тэлефоннай размове з мэрам Гамбурга Петэрам Чэнчэрам (Peter Tschentscher) выказаў словы падтрымкі пацярпелым і іх сем'ям і блізкім. Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік урада Штэфан Карнеліюс (Stefan Korelius), Мэрц праінфармаваны аб сітуацыі на месцы. Кіраўнік урада падзякаваў супрацоўнікам экстранных службаў за хуткую дапамогу і прапанаваў адміністрацыі Гамбурга падтрымку федэральнага ўрада.
Былы мэр Гамбурга і экс-канцлер Нямеччыны Олаф Шольц (Olaf Scholz) напісаў у мікраблогу X, што навіна з Гамбурга «глыбока патрэсла ўсіх нас» і што яго думкі з параненымі, іх сем'ямі і тымі, хто зараз змагаецца за сваё жыццё. Ён таксама выказаў «глыбокую падзяку» супрацоўнікам спецыяльных службаў.
«Мы падзяляем боль нямецкага народа, якому я выказваю нашу салідарнасць гэтым вечарам», - напісаў на сваёй старонцы ў X прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон.