Трамп звольніў частку супрацоўнікаў рады па нацбяспецы Белага дома
- 24.05.2025, 10:15
Сфера дзейнасці некалі магутнага органа таксама зведае значныя змены.
Дзясяткі супрацоўнікаў былі звольненыя з рады нацбяспекі Белага дома, бо прэзідэнт Дональд Трамп вырашыў скараціць штат і сферу дзейнасці некалі магутнага органа.
Аб гэтым піша Reuters са спасылкай на шэраг абазнаных крыніц. «Супрацоўнікі, якія займаюцца большасцю асноўных геапалітычных пытанняў, ад Украіны да Кашміра, былі звольненыя ў пятніцу ўвечары», - паведамілі крыніцы і дадалі, што шмат хто пакідаў пасаду са слязамі.
Выданне звярнула ўвагу, што звальненні адбыліся ўсяго праз некалькі тыдняў пасля таго, як дзяржсакратар Марка Рубіё змяніў Майка Вальца на пасадзе дарадцы ў нацыянальнай бяспецы.
Выданне адзначыла, што рэструктурызацыя рады нацбяспекі, якую задумаў Трамп, яшчэ больш знізіць уплыў рады, ператварыўшы яе з магутнага органа па распрацоўцы палітыкі ў невялікую арганізацыю, засяроджаную больш на рэалізацыі парадку дня прэзідэнта, чым на яе фармаванні, паведамілі крыніцы.